Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Пісаць пра шкоду сацыяльных сетак зараз актуальна. Маўляў, замест таго, каб мець жывое сумоўе паміж гома-сапіенсамі, чалавечыя індывіды кантактуюць адно зь нейкімі кібэр-прывідамі. Тут і павучальныя аповяды пра тое, як распадаюцца сем’і, і саркастычныя рэпартажы пра тое, як хлапец знаёміцца ў онлайне з прыгожай дзяўчынай, якая апынаецца непрыгожым барадатым дзядзькам ці касматым праграмэрам. З гэтай жа нізкі і розныя высакалобыя разважаньні наукоўцаў ці якіх там яшчэ экспэртаў пра непасрэдную шкоду здароўю ад празьмернага захапленьня сядзеньнем у “Аднаклясьніках”, “Фэйсбуках” ды іншых “Твітэрах”. Бо замест таго каб пайсьці падыхаць паветрам на вуліцы ці пазаймацца спортам, уцягнутыя ў павучыньне сацыяльных сетак інтэрнэт-юзэры днямі сядзяць перад маніторам, нажываючы лішнюю вагу, блізарукасьць ды інфаркт са скаліёзам. Карацей, суцэльны кібэрпанк аля-Матрыца.

Але найноўшы дыягназ брытанскіх навукоўцаў перакрывае ўсе рэкорды віртуальных жахаў. Ды каб віртуальных. Тут ужо рэч ідзе пра нябачны дагэтуль пераход віртуалу ў рэал. Як быццам бы заснавальніку Facebook Марку Цукэрбэргу было мала асабістых абвінавачваньняў ва ўсіх бедах яго “кліентаў”, пачынаючы ад бяссоньніцы ды заканчваючы самагубствамі, зараз высьветлілася, што Facebook спрыяе распаўсюджаньню пранцаў.


Заснавальнік Facebook Марк Цукэрбэрг

Статыстыка паказвае, што ў шэрагу брытанскіх гарадоў колькасьць заражаных пранцамі павялічылася ажно ў чатыры разы. І зноў жа, тая ж статыстыка канстатуе, што менавіта ў гэтых раёнах Злучанага Каралеўства сетка Facebook найбольш папулярная. Экспэрты тлумачаць гэта тым, што сацыяльная сетка дае людзям новыя магчымасьці для пошуку выпадковых палавых партнэраў. Цікава, што найбольш за ўсё сярод заражаных фігуруюць маладыя жанчыны.

Напрыклад, у Тысайдзе, па словах прафэсара Пітэра Кэлі, кіраўніка мясцовага дэпартамэнту аховы здароўя, за мінулы год было зарэгістравана 30 выпадкаў захворваньня на пранцы, аднак рэальныя паказчыкі, як ён лічыць, значна вышэйшыя.

Спэцыялісты таксама высьветлілі, што маладыя жыхары Сандэрлэнду, Дарэму ды Тысайду карыстаюцца сайтамі сацыяльных сетак на 25% часьцей, чым насельнікі іншых раёнаў Вялікабрытаніі.

Варта заўважыць, што самі прадстаўнікі Facebook згодныя з тым, што зносіны ў сацыяльных сетках спрыяюць выпадковым полавым сувязях, і рэкамэндуюць карыстальнікам асьцярожна ставіцца да онлайнавых знаёмстваў.

Калі брытанскія законы статыстыкі распаўсюджваюцца на Беларусь, дык самым інтэрнэт-прасунутым горадам зьяўляецца Салігорск. Але гэта малаверагодна.У Беларусі ёсьць закон пра дадатковыя меры бясьпекі ў інтэрнэце. Хто ведае, можа да закону ёсьць сакрэтны пратакол, кшталту як да пакта Молатава-Рыбэнтропа, дзе правайдэрам прапісана абавязковае набыцьцё іх кліентамі прэзэрватываў. Прыйшоў падключацца – прынясі даведку пра наяўнасьць адсутнасьці.

А як інакш? Бясьпека мусіць быць ня толькі віртуальнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG