Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пацярпела грамадзянка Беларусі падчас тэрактаў у маскоўскім мэтро?


У мэдыях зьявілася супярэчлівая інфармацыя пра тое, ці зьяўляецца адна з пацярпелых ад тэрактаў у маскоўскім мэтро грамадзянкай Беларусі. Пакуль канчатковага адказу на гэта пытаньне няма.

На «гарачай лініі» расейскага Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, а таксама ў расейскім Міністэрстве ўнутраных спраў пацьвердзілі, што адна з пацярпелых, Вольга Рудэнка — грамадзянка Беларусі, у яе стан сярэдняй цяжкасьці.

«Рудэнка Вольга Аляксандраўна, Беларусь, 30 гадоў».

Тым часам беларуская амбасада ў Маскве паведаміла агенцтвам, што гэтая інфармацыя не пацьвердзілася. Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў патлумачыў:

«Амбасада займаецца гэтым пытаньнем. Бо ў іх зь першых рук інфармацыя і найбольш апэратыўна зьяўляецца ад адпаведных расейскіх структураў. Там жа ёсьць прадстаўнікі нашага Міністэрства ўнутраных спраў, якія кантактуюць зь іх расейскімі калегамі, таксама выяўляюць яе магчымую прыналежнасьць да грамадзянства той ці іншай краіны. Цяпер наша амбасада гэтай справай займаецца. Я мяркую, што нейкая такая блытаніна выклікана менавіта тым, што такія надзвычайныя абставіны».

У маскоўскай лякарні імя Боткіна праз тэлефон не далі ніякай інфармацыі пра самаадчуваньне пацярпелай:

«Яна ляжыць у 25-м лор-аддзяленьні».

Як быць грамадзяніну Беларусі, калі ён патрапіць у падобную сытуацыю на тэрыторыі саюзнай дзяржавы? Куды зьвяртацца сваякам? Андрэй Папоў патлумачыў:

«Калі гэта мэдычная дапамога, то тут наагул ніякіх праблемаў няма. У нас роўныя правы з расейскімі грамадзянамі па аказаньні мэдычнай дапамогі. І тут усякая дапамога, як мы разумеем, аказваецца безь ніякай дыскрымінацыі».

Паводле спадара Папова, сваякі могуць зьвяртацца праз тэлефоны, названыя адпаведнымі расейскімі структурамі ці то Міністэрствам надзвычайных сытуацый. Таксама гэта інфармацыя павінна дублявацца на сайце амбасады Беларусі. Аднаўленьнем страчаных дакумэнтаў грамадзяніна Беларусі займаецца беларуская амбасада.

«Я ня ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку мы маем такія праблемы, бо дадзеная грамадзянка па дапамогу не зьвярталася. Але ж усе грамадзяне ведаюць, што яны ў стане зьвярнуцца ў амбасаду краіны, там, дзе яна ёсьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG