Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка: “Абрэз быў, каб страляць па галубах, а не па губэрнатары”


На працэсе над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэракту сьведка абверг паказаньні абвінавачанага Ларына адносна абрэзу вінтоўкі.

Сьведка, жыхар Ваўкавыску Вялесік патлумачыў суду, адкуль узялася старая дробнакалібэрная вінтоўка, зь якой, паводле Аляксандра Ларына, на загад Аўтуховіча быў зроблены абрэз. Вось што пра паказаньні сьведкі распавяла адвакат Тамара Сідарэнка.

«Вялесік паведаміў, што неяк у размове з Ларыным ён распавёў, што некалі ў лесе знайшоў старую вінтоўку, трэба было страляць галубоў. Яны паехалі, і Вялесік перадаў гэтую вінтоўку Ларыну. З Аўтуховічам пра гэта ніякай размовы не было».

Патлумачу: паводле паказаньняў Ларына, гэтым абрэзам нібыта ён быў узброены, калі рыхтаваў замах на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку.

Падчас падзеяў, якія таксама вывучаў сёньня суд, сьведка Міхаіл Савельеў працаваў старшынём ваўкавыскага райвыканкаму. У 2004 годзе Савельеў наведваў офіс фірмы «Ніка-транс» падчас галадоўкі Аўтуховіча і ягоных калегаў на знак пратэсту супроць ціску мясцовых і падатковых органаў. На той сустрэчы прысутнічаў і былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка. У Савельева адмыслова пыталіся: ці чуў ён пагрозы на свой адрас ці адрас Саўчанкі ад Аўтуховіча? Сьведка адказаў, што ня чуў пагрозаў ніколі.

Таксама быў апытаны сьведка Мікалай Раманец, якога адмыслова прывезьлі на суд з Глыбоцкай турмы. Паводле назіральніка за працэсам Вячаслава Сіўчыка, сьведка ня мог нічога патлумачыць пра падзеі, які фігуруюць у справе. Чаму ён увогуле апынуўся ў справе? Некалькі гадоў таму Мікалай Раманец, які ўжо сядзеў у турме, меў тэлефонную размову з Уладзімерам Асіпенкам. Зьмест іх размовы перадаў «Свабодзе» Вячаслаў Сіўчык, які прысутнічаў на працэсе:

«Зьмест такі. Прывітаньне, Мікалай. Прывітаньне, Уладзімер. Вось тут каля мяне ёсьць чалавек, я перадам яму слухаўку. Прывітаньне, Юра. Рады цябе чуць. Як ты трымаесься? Усё будзе добра. Чалавек табе перадаваў, што ўдзячны. Усё».

Паводле Вячаслава Сіўчыка, сьледзтва, магчыма, мяркуе, што гэтак перадавалася падзяка Юрыю Арцюкевічу за тое, што ён падпаліў дом міліцыянта ў Ваўкавыску. Між тым дакладных доказаў гэтага ў размове не гучала, кажа назіральнік.

У канцы сёньняшняга паседжаньні судзьдзя Аляксей Цяцюхін задаволіў хадайніцтвы бакоў пра тое, каб выклікаць сьведак, у тым ліку тых, хто пакуль не зьявіўся. Усяго будзе яшчэ выклікана 15 сьведак. Таксама судзьдзя задаволіў хадайніцтва пракурора Эльдара Сафарава прав выклік пацярпелага, былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі. Працэс адновіцца 1 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG