Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тамара Карызна, віцебская актывістка партыі БНФ і руху «За свабоду» , адмовілася змагацца за месца дэпутата ў Шаркоўшчынскім райсавеце, бо ёй прыгразілі звальненьнем з працы.

Спадарыня Карызна выкладае ў навучальным цэнтры. І калі адміністрацыя даведалася, што яе зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Шаркоўшчынскага райсавету, яе папярэдзілі, што тут жа звольняць.

Тамара Карызна распавяла, што з боку начальства было яшчэ адно патрабаваньне — каб яна выйшла з Партыі БНФ. Але зрабіць гэта актывістка адмовілася катэгарычна, хаця з выбараў вырашыла здымацца.

«Гэта ўжо трэці выпадак на Віцебшчыне, калі прадстаўнікі апазыцыі вымушаныя адмовіцца ад удзелу ў выбарах у якасьці кандыдатаў, каб пазьбегнуць рэпрэсіяў у дачыненьні да сябе і сваіх родных», — камэнтуе ўчынак Тамары Карызны старшыня Віцебскага аргкамітэту руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў. — 24 актывісты руху зарэгістраваныя ў вобласьці кандыдатамі ў дэпутаты саветаў розных узроўняў. Але Ўладзімер Кунцэвіч з Наваполацку, Ніна Кавалёва і Тамара Карызна зь Віцебску абвясьцілі пра адмову балятавацца.Тым ня менш іншыя актывісты руху гатовыя працягваць кампанію, каб даць выбарцам альтэрнатыву і выказаць свае меркаваньні пра праблемы ў краіне. Бо мы хочам, каб людзі ведалі пра нас і пра нашу праўду».

Тамара Карызна адмовілася ад змаганьня за дэпутацкі мандат, але застаецца даверанай асобай спадара Жаляпава, які балятуецца ў Віцебскі аблсавет у Лёзьненскім раёне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG