Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для ЭЗ вельмі важна, каб выбары прайшлі добра”


Кэтрын Эштан

Кэтрын Эштан

Эўразьвяз спадзяецца, што беларускія ўлады прыкладуць усе неабходныя намаганьні для таго, каб мясцовыя выбары 25 красавіка адпавядалі міжнародным стандартам і нормам АБСЭ.

Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан, перадае БелаПАН.

У заяве гаворыцца, што апошнім часам у Беларусі абмяжоўвалася свабода сходаў, асацыяцыі і выказваньня.

Эштан: «ЭЗ глыбока занепакоены ціскам на прадстаўнікоў незалежных мэдыяў, грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных структураў у Беларусі. Так, няўрадавыя арганізацыі і апазыцыйныя партыі па-ранейшаму сустракаюцца зь цяжкасьцямі пры рэгістрацыі. Гэтыя тэндэнцыі выклікаюць асаблівую занепакоенасьць напярэдадні мясцовых выбараў. Для ЭЗ вельмі важна, каб яны прайшлі добра».

Эштан таксама асудзіла выкананьне ў Беларусі сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да двух беларусаў. Яна заклікала беларускія ўлады апублікаваць поўную інфармацыю пра гэта, а таксама ўвесьці мараторый на вышэйшую меру пакараньня.

Пры гэтым спадарыня Эштан пацьвердзіла гатоўнасьць ЭЗ супрацоўнічаць зь Беларусьсю, у прыватнасьці, у межах палітыкі «Ўсходняга партнэрства». Паводле яе слоў, пашырэньне ўзаемадзеяньня залежыць ад «канкрэтных захадаў Беларусі ў кірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону».
XS
SM
MD
LG