Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас учорашняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам адзін з амэрыканскіх бізнэсоўцаў сказаў: «Сярод бізнэсоўцаў, якія працуюць у сфэры інфармацыйных тэхналёгій, зьявіўся афарызм: калі ў вас ёсьць нейкая праца, накіруйце яе ў Індыю, калі ў вас ёсьць складаная праца — даручыце яе Амэрыцы, калі ж у вас ёсьць праца, якую немагчыма выканаць, — накіруйце яе ў Беларусь».


На вашу думку, што яшчэ ўмеюць беларусы такога, чаго ня могуць выканаць нідзе ў сьвеце? Як адказалі на гэтае пытаньне вядомыя асобы ў Беларусі?

Леанід Дранько-Майсюк
Паэт Леанід Дранько-Майсюк: “Беларусы паказалі, што, нягледзячы на неспрыяльныя гістарычныя ўмовы, яны могуць адрадзіць культуру, мову. У культурнай сфэры беларусы могуць шмат чаму навучыць тых жа амэрыканцаў. Прыкладам, у кіно амэрыканцы ствараюць не мастацтва, а вытворчасьць. Перакананы, яны ўсё далей ад паэзіі, ад мастацтва. А мы, як гэта ні дзіўна гучыць, застаёмся там, дзе заўсёды былі: на вышынях культуры і вышынях паэзіі. І таму, калі ласка, калі дзе-небудзь будзе гінуць нацыянальная культура, хай зьвяртаюцца да нас. Мы іх навучым, як адрадзіць сваё і як сваё абараніць”.


Рэжысэр Юрый Хашчавацкі: «Беларусы найлепшыя ў сядзеньні на цьвіку»

Юрый Хашчавацкі
«Сядзець на цьвіку ўмеюць беларусы, ужо 16 гадоў сядзяць. Па-мойму, ніхто ў сьвеце гэтага ня ўмее, а яны сядзяць на гэтым цьвіку, які называецца Лукашэнка. Што яшчэ? Конкурс прыгажосьці могуць выйграць беларускія жанчыны. У любы момант, заўсёды. запраста. Калі не выйграюць, дык толькі таму, што не авалодалі яшчэ піяр-тэхналёгіямі, бо самі яны дзяўчаткі сьціплыя, ня ўмеюць вылазіць наперад. Але калі-нікалі выйграюць. Што яшчэ? Дарэчы, сапраўды як праграмісты беларусы вельмі добрыя адмыслоўцы. У мяне сын — праграміст, я ўяўляю ўзровень, на якім яны працуюць. А збольшага — нармальныя людзі, нічым ня горшыя і ня лепшыя за іншых. Толькі занадта цярплівыя, як на мой погляд».


Палярнік Уладзімер Хачырашвілі: «Беларусам можна даручыць асваеньне Арктыкі»

«Смажыць дранікі, як у нас умеюць, ня можа ніхто. Як мая бабуля, прыкладам, смажыла... А калі сур’ёзна, я вось падумаў і магу сказаць пэўна. Вось нядаўна ў Канадзе зьбіраліся міністры замежных спраў арктычных краінаў: Канады, ЗША, Расеі. Разважалі, як яны будуць асвойваць гэтыя палярныя абшары. Але беларусам пэўна можна даручыць асваеньне Арктыкі. У нас тут досьвед калясальны яшчэ з тых, далёкіх часоў. Я там хадзіў і па адных назвах ведаю. Згадайма: Вількіцкія бацька і сын, Чэрскі — акадэмік, Лапцеў — мора ў гонар назвалі, Пранчышчавы муж і жонка, Беляк... Можна пералічваць і пералічваць. Усё гэта адкрыта беларусамі».


Палітоляг Вячаслаў Оргіш: «Той амэрыканец зрабіў беларусам аванс»

Юрый Хашчавацкі
Палітоляг Вячаслаў Оргіш: «Канечне, пэўныя посьпехі ў IT-тэхналёгіях у нас ёсьць, адмаўляць гэта нельга. Іншая рэч, што амэрыканскі бізнэсмэн, зыходзячы са сваіх усьведамленьняў і мэтаў, выпісаў пэўны аванс нашым кампутаршчыкам і праграмістам. Відаць, разьлічваючы, што гэта неяк паўплывае на стаўленьне да праектаў, якія ён зьбіраецца прасоўваць у Беларусі. А вось што сапраўды могуць толькі беларусы? Магчыма, толькі ў нас такога прэзыдэнта могуць выбраць, як Лукашэнку. А так? Шмат што могуць рабіць на досыць прыстойным узроўні, але так, каб было эксклюзіўна, у тым сэнсе, што толькі ў нас каб маглі гэта зрабіць — гэта перабольшваньне, на маю думку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG