Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кубе як у Беларусі. Або наадварот...


"Жанчыны ў белым”, Гавана, Куба

"Жанчыны ў белым”, Гавана, Куба

У нядзелю 28 сакавіка, калі большасьць кубінцаў глядзела фінальныя матчы нацыянальнай бэйсбольнай лігі, 25 жанчын, апранутых у белае, прайшло адной з галоўных вуліц Гаваны, пратэстуючы супраць зьняволеньня іхніх мужоў, сямейнікаў і сваякоў.

Жанчыны, удзельніцы руху пад назвай "Жанчыны ў белым", дамагаюцца вызваленьня палітычных вязьняў, якія былі кінутыя ў турму ў сакавіку 2003 году, калі адбыліся масавыя арышты апанэнтаў кубінскага рэжыму Фідэля Кастра.

Ужо мінула два гады, як пасаду прэзыдэнта Кубы заняў брат Фідэля Кастра, Рауль Кастра, але палітыка рэжыму ў адносінах да яго апанэнтаў па сутнасьці не зьмянілася. 23 сакавіка у гаванскай турме ў выніку галадоўкі памёр адзін зь вязьняў рэжыму, Арлянда Сапата Тамая.

У пахаваньні Сапаты ўзяло ўдзел ня больш за 40 чалавек, у асноўным тыя самыя "жанчыны ў белым". Большасьці кубінцаў, як здаецца, не цікавіць ні лёс палітычных апанэнтаў рэжыму, ні тое, за што яны змагаюцца.

Вышэй сказанае, аднак, ня значыць, што ўсім кубінцам падабаецца іхні рэжым. Сёньняшняе выданьне Financial Times адзначае, што ў той самы дзень, калі адбывалася пахаваньне памерлага галадоўніка Сапаты, 250 000 (дзьвесьце пяцьдзесят тысяч) кубінскіх дробных фэрмэраў і ўдзельнікаў недзяржаўных сельскагаспадарчых каапэратываў сустрэлася з уладамі па ўсёй краіне, каб выказаць ім сваю незадаволенасьць дзяржаўнай палітыкай у сельскай гаспадарцы. У прыватнасьці, кубінскія фэрмэры лічаць, што дзяржава не павінна мець манаполіі на распараджэньне іхнімі прадуктамі, уключна з продажам. У гэтым фэрмэраў падтрымлівае амаль усё кубінскае грамадзтва, якое адкрыта сьмяецца з афіцыйных тлумачэньняў, што праблемы з харчаваньнем трэба прыпісаць выключна амэрыканскаму гандлёваму эмбарга, а не няўдалай урадавай палітыцы.

Калі вам гэтая сытуацыя не нагадала нечага знаёмага, дык скажам яшчэ больш.

Удзел некалькіх дзясяткаў "жанчын у белым" у пахаваньні памерлага вязьня рэжыму і ў маршы пратэсту 28 сакавіка паказалі амаль усе тэлевізійныя каналы сьвету. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сказаў пасьля сьмерці Сапаты, што "кубінскія ўлады працягваюць адказваць на памкненьні кубінскага народу заціснутым кулаком".

"Жанчыны ў белым” падчас акцыі пратэсту ў Гаване
Пратэст "жанчын у белым" паказала таксама дзяржаўнае кубінскае тэлебачаньне, асабліва засяроджваючы сваю ўвагу на постацях эўрапейскіх і амэрыканскіх дыпляматаў, якія прыйшлі на марш, каб паназіраць, як ён будзе праходзіць. Дзяржаўныя камэнтатары паведамлялі кубінцам, што ўдзельніцы дэманстрацыі жывуць на падачкі з ЗША, а суседзі і знаёмыя тых жанчынаў абвінавачвалі іх перад тэлевізійнымі камэрамі, што яны "адпрацоўваюць варожыя грошы". Звычайныя людзі або зусім ігнаравалі гэты марш пратэсту, або кпілі зь яго ўдзельніц ды спрабавалі іх штурхаць і біць. Ніхто з пабочных асобаў не далучыўся да маршу і не паставіў сьвечкі за душу Сапаты.

Законапаслухмяныя грамадзяне абураныя паводзінамі “Жанчын у белым”

Ніводзін тэлеканал на сьвеце не паказаў размоваў кубінскіх фэрмэраў з уладамі наконт таго, як палепшыць сытуацыю ў сельскай гаспадарцы.

"Уся штука ў тым, як зьвесьці гэтыя дзьве пратэстныя плыні ў адну" — цытуе сёньняшняе выданьне Financial Times аднаго неназванага заходняга дыплямата.

"Браты Кастра, несумненна, хочуць, каб гэтыя дзьве плыні ніколі не сышліся", — робіць выснову газэта ў заканчэньні свайго артыкулу аб магчымасьцях і абмежаваньнях кубінскага палітычнага дысэнту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG