Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ветэраны супраць “Беларускага партызана”


Госьцем “Начной Свабоды” 29 сакавіка быў рэдактар сайту “Беларускі партызан” Павал Шарамет.



Прадстаўнікі беларускіх вэтэранскіх арганізацый патрабуюць забараніць словазлучэньне “Беларускі партызан” у якасьці назвы недзяржаўнага інтэрнэт-сайту. Сьледам за менскімі вэтэранамі савецкага падпольля і партызанскага руху абуральны ліст у Міністэрства інфармацыі Беларусі напісалі і прадстаўнікі гарадзенскай вэтэранскай арганізацыі.

Вось што сказаў “Свабодзе” старшыня Гарадзенскага абласнога савету Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ветэранаў Іван Тустоў.

“Накіроўвалі, па-першае, ня людзі нашага Гарадзенскага савету, а непасрэдна партызаны і падпольшчыкі з Гарадзеншчыны. Тыя, хто абурыўся. Канкрэтныя асобы, партызаны і падпольшчыкі, якія патрабавалі, каб зьмянілі назву гэтага сайту. Не магу сказаць, колькі іх там чалавек, можа чалавек восем, якія абураныя і паслалі свой зварот.

Проста слова “партызан” у спалучэньні са словам “беларускі” непасрэдна партызанаў абражае, бо гэта не адпавядае той гераічнай барацьбе, якая вялася супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў”.

Паводле спадара Тустова, Міністэрства інфармацыі пакуль не адрэагавала на ліст гарадзенскіх партызанаў:

“Партызаны, а галоўнае падпольшчыкі патрабуюць, каб назва сайта ўсё ж была замененая. Якая заўгодна назва, але не “Беларускі партызан”, бо яна абражае нашых беларускіх партызанаў”.

На пытаньне, ці карыстаюцца колішнія партызаны і падпольшчыкі інтэрнэтам, Іван Тустоў адказаў:

“Так, карыстаюцца. Многія маюць інтэрнэт дома. Бо з дзецьмі ды ўнукамі жывуць. Глядзяць, паказваюць, чытаюць прэсу. Самі нашы вэтэраны – вельмі адукаваны народ. Я сам асабіста гляджу і чытаю інтэрнэт. Я вэтэран Ўзброеных сілаў. Мне за 60 гадоў”.

Рэдактар сайту “Беларусі партызан” Павал Шарамет гэтак адказаў на закіды прадстаўніка гарадзенскай вэтэранскай арганізацыі.

Шарамет: “На першы погляд, гэта выглядае як дурны анэкдот, але насамрэч мы зьяўляемся сьведкамі сплянаванай, добра арганізаванай атакі беларускіх уладаў на незалежныя СМІ. Усе гэтыя істэрыкі з нагоды назвы сайту – гэта элемэнты маштабнай кампаніі: па ўсёй краіне ідуць ператрусы ў журналістаў, вядуцца допыты журналістаў, КДБ рыскае ў пошуках таго, хто працуе і дапамагае "Беларускаму патрызану" ў Менску і іншых гарадах. Ну а ў якасьці інфармацыйнага, грамадзкага і ідэалягічнага поля выступаюць вэтэраны са сваімі даволі дзіўнымі заявамі. Вэтэранаў не хвалюе тое, што назву "Партызан" носіць другаразрадны футбольны клюб, што кінатэатар "Партызан" ператвораны ў мэблевую краму, што гэтае слова ёсьць у назвах збанкрутаваных калгасаў і саўгасаў. Але чамусьці яны завяліся наконт сайта "Беларускі партызан". На мой вялікі жаль, неверагодны і горкі жаль, паважаных людзей, вэтэранаў выкарыстоўваюць у гэтай бруднай палітычнай барацьбе нячыстыя на руку беларускія палітыкі.

Калі ж гаварыць аб сувязі "Беларускага партызана" з партызанамі ў тым сэнсе, які ўкладваюць аўтары гэтых абуральных лістоў, то я б адзначыў, што ў маёй сям'і мае дзяды былі партызанамі, мая прабабуля была партызанкай, яе павесілі фашысты ў Асіповічах. У тых журналістаў, якія дапамагаюць сайту, таксама многія родзічы ваявалі ў партызанскіх атрадах і загінулі ў часе вайны. І мы ў нейкай ступені нашчадкі і прадаўжальнікі справы беларускіх партызан. Праблема не ў назве, праблема ў тым, што ўлады хочуць ў прынцыпе зьнішчыць непадкантрольныя ім СМІ і выкарыстоўваюць наіўных вэтэранаў, якія жывуць стэрэатыпамі мінулага стагодзьдзя”.

Соўсь: “Аляксандр з Жыткaвiч вас пытаецца: “Я ўнук Беларускага Партызана! Мой дзед меў ордэны i мэдалi за фiнскую кампанiю, за Айчынную. Партызанiў у атрадзе Фёдарава. Скончыў вайну у Бэрлiне. Шматразова паранены... 30 год, як яго з намi няма. Але ж я нi на хвiлiну не сумняюся, што дзед быў бы за электроннага "Беларускага партызана", бо абaраняў не уладу, а Волю i Народ Беларусi! Павел! Калi уздымуць Сьцягi, пад якiя ўстануць унукi сапраўдных беларускiх партызан?”

Шарамет: “Насамрэч, калі мы ствалалі сайт "Беларускі партызан" і шукалі назву для яго, мы ўкладвалі ў яго не такі вузкі ваенна-гістарычны сэнс, як вайну немцаў супраць беларусаў і беларусаў супраць нямецкіх захопнікаў. Мы ўкладвалі ў гэта шырокі сэнс, як барацьбу за справядлівасьць, як барацьбу за праўду, як абарону слабых ад дыктатуры моцных. Таму што слабыя і прыгнечаныя існуюць пры любым рэжыме, і беларускія партызаны змагаліся за свой народ, за свае правы ня толькі 65 гадоў таму, але цягам некалькіх стагодзьдзяў. Мы маем на ўвазе больш шырокі кантэкст барацьбы за праўду і справядлівасьць, за нашыя правы”.

Соўсь: “Рэдакцыя "Беларускага партызана" аб'явіла конкурс на лепшую назву сайта для Беларусі. “Не выключана, што назва можа нам настолькі спадабаецца, што мы рашымся на перайменаваньне”,– пішаце вы. Ці сапраўды вы разглядаеце магчымасьць зьмены назвы?”

Шарамет: “Мы сапраўды абвясьцілі такі конкурс і прапанавалі людзям пафантазіраваць. Многім падаецца, што гэта вельмі лёгка – знайсьці ўладую назву. Але ўдалая назва – гэта не прыгожае спалучэньне некалькіх літар ці словаў, за імі павінен быць зьмест, сэнс. Менавіта гэта робіць назву эфэктыўнай. Мы ўжо сёньня пачалі атрымліваць нейкія варыянты. Будзем іх зьбіраць і калі там будзе нешта надта незвычайнае, то можа апрача беларускага партызана мы зробім яшчэ з пяць іншых сайтаў”.

Соўсь: “Мікалай Петрушэнка з Коханава вам піша: “Рады за вашыя публікацыі... Хацелася б бачыць на старонках сайту аналітычныя матэрыялы пра заканамернасьці станаўленьня фашызму ў Італіі, Нямеччыне, Гішпаніі ў 30-я гады і цяпер у Беларусі. Вельмі шмат супадзеньняў ня толькі па форме, але і па сутнасьці. Чаму вашы аналітыкі не заўважылі два гады таму закліку да будаўніцтва карпаратыўнай дзяржавы з адміністрацыі прэзыдэнта. Некалі Ільля Эрэнбург задоўга да ўсталяваньня фашысцкай дыктатуры змог напісаць раман, а мы – Вы - не даем хады публіцыстыцы”.

Шарамет: “Паважаныя чытачы павінны разумець, што мы фактычна працуем ва ўмовах падпольля, мы працуем у стане бясконцых рэпрэсій. Кожны наш крок, кожны наш дзень можа скончыцца сур’ёзнымі праблемамі. Гэта не нейкая бравада, мы б з задавальненьнем працавалі б, калі б улады не зьвярталі на нас увагі, але кожны дзень мы не ведаем, зь якога боку чакаць удару. Мы працуем як падпольшчыкі, у любы момант трэба будзе ўстаць сысьці і ў гэты пакой не вяртацца. Таму мы стараемся не абцяжарваць сябе структурамі, абавязацельствамі. Галоўнае – дзень прастаяць і ноч пратрымацца, галоўнае – дачакацца сур’ёзных пераменаў у краіне і данесьці людзям інфармацыю, якую з кожным днём усё складаней перадаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG