Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ павінна паспрыяць дыялёгу ў Беларусі


Канат Саўдабаеў

Канат Саўдабаеў

Узнавіць пляцоўку АБСЭ для правядзеньня дыялёгу ўнутры Беларусі, як гэта было напрыканцы 90-х гадоў, прапанаваў сёньня намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.


Гэту прапанову ён зрабіў на сустрэчы прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў з дзейным старшынём АБСЭ, міністрам замежным спраў Казахстану Канатам Саўдабаевым, які знаходзіцца з візытам у Менску.

Спадар Саўдабаеў папрасіў удзельнікаў сустрэчы выказаць свае меркаваньні аб палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Яраслаў Раманчук, а таксама Сяргей Вазьняк, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч казалі пра тое, што АБСЭ – гэта, найперш бясьпека і супрацоўніцтва. А яны павінны быць ня толькі праз танкі ды гарматы, а, найперш, праз дыялёг унутры Беларусі. А такога дыялёгу няма. Тэст на лібэралізацыю пры правядзеньні выбарчай кампаніі ўлада праваліла.

Падчас сустрэчы выказваліся і супрацьлеглыя думкі. Прынамсі, першы сакратар ЦК КПБ Тацяна Голубева казала пра тое, што ў краіне “усё добра”. Яе падтрымаў і прадстаўнік “Белай Русі”. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што выбарчая кампанія праходзіць дэмакратычна, а прадстаўнікоў “Белай Русі” амаль паўсюдна ўключалі ў склад выбарчых камісіяў.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што ён чарговым разам будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах.
XS
SM
MD
LG