Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па сьлядах Ягора Рыбакова


Ягор Рыбакоў
Ягор Рыбакоў

Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў умоўна-датэрмінова вызвалены з папраўчай калёніі. Пра гэта паведамілі ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў.


Ягор Рыбакоў пачаў свой імклівы кар’ерны рост з газэты «Магілёўскія ведамасці» пад кіраўніцтвам Рыгора Кісяля, які ўваходзіў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ён узначаліў магілёўскае тэлебачаньне, а потым быў прызначаны намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі. У гэтай якасьці правёў прэзыдэнцкую кампанію 2001 году і пасьля выбараў атрымаў пасаду старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Менавіта пры ім навіны беларускай тэлевізіі пачалі перадаваць на расейскай мове.

Былы кіраўнік магілёўскай студыі тэлерадыёкампаніі Генадзь Суднік згадвае: «Кісель прыехаў, ён прызначыў. Яны прыехалі ўдвох зь нейкім замам. І сказалі — вось вам старшыня. Тады ён пайшоў у гэтую палітыку, пайшоў да Кісяля ў газэту».

У лютым 2005 году Вярхоўны суд прыгаварыў былога старшыню Белтэлерадыёкампаніі да 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады цягам пяці гадоў. Яго абвінавацілі ў атрыманьні хабару каля мільёна даляраў. Таксама Ягора Рыбакова абвінавацілі ў выкарыстаньні службовага становішча дзеля легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам.

У калёніі Рыбакоў адразу ўзначаліў турэмную тэлестудыю. У той час у Шклоўскай калёніі адбывалі тэрмін палітвязьні. Мікола Астрэйка згадвае, што Рыбакоў у калёніі, як мог, дапамагаў іншым вязьням:

«Ён арганізоўваў гэтыя забаўкі, што тычыцца тэлевізіі ў калёніі. Наколькі я ведаю, ён арганізоўваў іншыя забаўляльныя мерапрыемствы, канцэрты для вязьняў і гэтак далей. І гэта даволі важна. Бо вялікая колькасьць людзей, якія там сядзяць, яны і на волі ніколі не былі на канцэрце. Таму я яго ацэньваю як неблагога чалавека».

Некалькі разоў Рыбакоў трапляў пад амністыю і яго тэрмін пакараньня стаў меншы на тры гады. Таксама ў яго было права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля адбыцьця двух трацінаў тэрміну. Датэлефанавацца ні да самога Ягора Рыбакова, ні да яго бацькоў не ўдалося.

Вядомая тэлевядучая Элеанора Язерская так ацэньвае дзейнасьць Ягора Рыбакова на пасадзе старшыні Белтэлерадыёкампаніі:

Гэта чалавек, які ў свой час зьнішчыў беларускае тэлебачаньне. Для мяне ён ніхто і завуць яго ніяк.
«Гэта чалавек, які ў свой час зьнішчыў беларускае тэлебачаньне. Для мяне ён ніхто і завуць яго ніяк. І як такі чалавек мог узначаліць тэлеканал?! Я лічу, што такі чалавек павінен быў сядзець да канца. Навошта яго выпускалі?»

Перад арыштам у 2004 годзе Ягор Рыбакоў пасьпеў яшчэ выйграць суд у газэты «Народная воля». Газэта, журналістка Марына Коктыш і тэлевядучая Элеанора Язерская павінны былі выплаціць яму некалькі мільёнаў рублёў.

Ягор Рыбакоў падаў у суд за інтэрвію Элеаноры Язерскай «Народнай Волі», у якім яна сьцьвярджала, што ейная перадача «Музычны салён» спыніла сваё існаваньне на загад тагачаснага кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова. Пасьля гэтага Рыбакоў накіраваў пазоў у суд з патрабаваньнем матэрыяльнай кампэнсацыі.

Марына Коктыш згадвае: «Па тых часах для газэты гэта быў вельмі буйны штраф. Дагэтуль мы лічым, што прэтэнзіі былі не зусім абгрунтаваныя. Наколькі я ведаю, гэтыя грошы пайшлі на тое, каб Рыбакоў пакрыў тыя страты, якія ім самім былі нанесены дзяржаве. Калі мы пералічылі на пэўны рахунак гэтыя грошы, ён быў ужо за кратамі, ён ня меў права распараджацца нейкімі сродкамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG