Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая карысьць адмовы ад курэньня


Апошнія дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў паказалі, што адмова ад курэньня станоўча адбіваецца на сардэчна-судзіннай сыстэме чалавека.


Ужо праз год пасьля адмовы ад курэньня нашы судзіны здольныя вяртаць сабе былую элястычнасьць і актыўнасьць. Нават калі былыя курцы набіраюць некалькі лішніх кіляграмаў, стан іх судзінаў і ўзровень добрага халестэрыну значна паляпшаюцца. Адпаведна, як кажа доктар Джэймс Стэйн з унівэрсытэту ў штаце Вісконсін, выгады ад адмовы ад курэньня пераважваюць адмоўныя наступствы гэтага кроку.

Курэньне сёньня зьяўляецца адной зь вядучых прычынаў сардэчна-судзінных хваробаў, а каля адной траціны зьвязаных з курэньнем сьмерцяў у ЗША адбываюцца з-за хваробаў сэрца.

Усе ведаюць, што адмова ад курэньня зьмяншае рызыку захварэць на рак лёгкіх і памерці ад гэтай хваробы. А вось новае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя нядаўна ў выданьні “Journal of the American College of Cardiology” паказала, што за адмову ад курэньня нам скажуць “дзякуй” і нашы артэрыі.

1500 курцоў, ахвочых адмовіцца ад сваёй звычкі, разьбілі на шэсьць групаў. Пяць групаў атрымалі розныя сродкі ад курэньня, кшталту антынікатынавага плястыру, таблетак або іх камбінацыі, а шостая група – атрымала фіктыўнае лячэньне, так званае пляцэба. Пасьля аднаго году аказалася, што ня кінулі курыць 36%. Прычым незалежна ад таго, у якую групу яны ўваходзілі і якія сродкі дапамогі выкарыстоўвалі. А тых, хто курыць кінуў, лекары ўважліва абсьледавалі падчас фізычных нагрузак на трэнажорах. Судзіны вывучалі падчас нагрузкі і пасьля яе пры дапамозе ўльтрагуку. Прычым, паддосьледным ненадоўга перапынялі ток крыві ў перадплеччы, а пасьля зноў яго аднаўлялі, спрабуючы ацаніць тонус артэрыяў.

Аказалася, што функцыя судзінаў палепшылася на 1%. Пры гэтым ужо загаданы доктар Стэйн кажа, што нават гэты адзін працэнт азначае зьмяншэньне рызыкі захварэць на сардэчна-судзінную хваробу ўжо на 14%. Доктар таксама дадаў, што паляпшэньне стану судзінаў працягваецца і ў наступныя гады пасьля адмовы ад курэньня, а гэта азначае яшчэ большае зьмяншэньне рызыкі хваробы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG