Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэі пачалі сьвяткаваць Пэсах


«Залатая» Агада
«Залатая» Агада

Сёньня пасьля заходу сонца габрэі пачалі сьвяткаваць Пэсах — адно з самых старажытных габрэйскіх сьвятаў. У першы вечар запальваюць сьвечкі, а пасьля вечаровай малітвы сям’я садзіцца за сьвяточны стол. Так адбываецца тысячы гадоў. Існуе строгі парадак правядзеньня вечара, які прапісаны ў кнізе Агада.

Сёлета Пэсах будзе праходзіць ад 30 сакавіка да 6 красавіка. А пачнецца ён, як і ўсе габрэйскія сьвяты, напярэдадні пасьля заходу сонца.

Пачынаецца сьвята з чытаньня Акады. Вячэра мае вялікае значэньне. Падчас яе трэба выпіць чатыры бакалы віна, якія сымбалізуюць чатыры этапы выхаду габрэяў з рабства. Дзеці павінны задаваць чатыры пытаньні: «Чаму ямо мацу як сымбаль свабоды? Чаму ямо горкую зеляніну як сымбаль рабства? Чаму акунаем ежу ў салёную ваду? Чаму сядзім, абапіраючыся на левую руку?»

Такім чынам, калі дзеці змогуць адчуць атмасфэру Сыходу, будзе выконвацца запавет Торы: «...і распавядзі сыну свайму».

Галоўны рабін рэлігійнага аб’яднаньня суполак прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч расказаў:

4 келіхі віна не дзеля таго, каб ап’янець, а таму, што мы такім чынам прыгадваем абяцаньні народу Ізраілю, які даў Бог.
«4 келіхі віна не дзеля таго, каб ап’янець, а таму, што мы такім чынам прыгадваем абяцаньні народу Ізраілю, які даў Бог. Ён абяцаў збавіць ад рабства, вывесьці з Эгіпту, вызваліць і ўзяць да сябе народам.

Чым гэты год адрозьніваецца ад папярэдняга? Тым, што мы вучым маладых людзей, сяброў розных габрэйскіх арганізацый, праводзіць гэтую вячэру. Яны будуць яе рыхтаваць для людзей сталага веку, для сем’яў, якім патрэбная дапамога.

Яны вучыліся на сэмінары. Раней гэтым займаліся людзі, якія маюць досьвед, у асноўным пажылыя, але цяпер гэта зробяць маладыя.»

Рыгор Абрамовіч прыгадаў, як раней, калі даводзілася адзначаць рэлігійныя сьвяты ў паўпадпольных умовах, ён хлопчыкам хадзіў са сваёй бабуляй набываць мацу. Яна была пад забаронай, і яе рабілі нелегальна. Тады габрэі мелі адрасы, дзе можна было набыць мацу для сьвяточнага стала. Цяпер, натуральна, такіх праблемаў няма.

Старшыня аб’яднаньня габрэйскіх суполак Леанід Левін разам з рэлігійнымі дзеячамі а восьмай вечара прыйшоў у клюб на вечаровую малітву:

Гэта сьвята свабоды, сьвята выхаду зь няволі, сьвята нашай мужнасьці.
«Гэта сьвята свабоды, сьвята выхаду зь няволі, сьвята нашай мужнасьці. Дома буду сьвяткаваць заўтра. Гэта сямейнае сьвята. Усе зьбіраюцца, цэлы рытуал. Хаваюць мацу, а дзеці павінны яе шукаць, знайсьці і атрымаць за гэта ўзнагароду ад бацькоў. Гэта добрая традыцыя»

У апошні дзень Пэсаху сьвяткуюць цуд расьсячэньня Чырвонага мора. У гэты дзень як толькі габрэі перайшлі мора, воды зноў самкнуліся перад фараонамі. Як напамін пра гэта чытаюць «Песьню на моры». Гэта гімн, які сьпявалі габрэі пасьля ўбачанага цуду. Менавіта з гэтай традыцыяй зьвязана ідэя правядзеньня ў Беларусі міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі.

Сёлета арганізатары галя-канцэрту VI міжнароднага фэстывалю кантарскага мастацтва, які адбыўся 28 сакавіка ў Палацы вэтэранаў, увялі інструмэнтальную музыку, чаго раней ніколі не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG