Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускім партызанам” абураныя партызаны гарадзенскія


Сьледам за менскімі вэтэранамі савецкага падпольля і партызанскага руху Меншчыны абураны ліст у Міністэрства інфармацыі напісалі і іх гарадзенскія вэтэраны. Яны таксама патрабуюць забараніць словазлучэньне «Беларускі партызан» у якасьці назвы недзяржаўнага інтэрнэт-сайту.

Вось што сказаў Свабодзе старшыня Гарадзенскага абласнога савету грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў Іван Тустоў:

«Накіроўвалі, па-першае, ня людзі нашага Гарадзенскага савету, а непасрэдна партызаны і падпольшчыкі з Гарадзеншчыны. Тыя, хто абурыўся. Канкрэтныя асобы, партызаны і падпольшчыкі, якія патрабавалі, каб зьмянілі назву гэтага сайту. Не магу сказаць, колькі іх там чалавек, можа, чалавек восем, якія абураныя і паслалі свой зварот. Проста слова „партызан“ у спалучэньні са словам „беларускі“ непасрэдна партызанаў абражае, бо гэта не адпавядае той гераічнай барацьбе, якая вялася супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў».

Слова „партызан“ у спалучэньні са словам „беларускі“ непасрэдна партызанаў абражае, бо гэта не адпавядае той гераічнай барацьбе, якая вялася супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Паводле спадара Тустова, Міністэрства інфармацыі пакуль яшчэ не адрэагавала на ліст гарадзенскіх партызанаў і тую крыўду, якая ў ім утрымліваецца, бо паміж сапраўднымі беларускімі партызанамі і сайтам «Беларускі партызан» няма нічога агульнага.

На рэпліку Свабоды, што, магчыма, паралелі можна знайсьці, напрыклад, у пэўных крытычных выпадах сайту на адрас нямецкай вонкавай палітыцы. спадар Тустоў адказаў:

«Ня ведаю, ня ведаю. Партызаны, а галоўнае падпольшчыкі патрабуюць, каб назва сайта ўсё ж была замененая. Якая заўгодна назва, але толькі не „Беларускі партызан“, бо яна абражае нашых беларускіх партызанаў. А мы, вэтэранская арганізацыя Гарадзеншчыны, падтрымліваем беларускіх партызанаў у гэтым пляне».

На пытаньне Свабоды, ці карыстаюцца колішнія партызаны і падпольшчыкі інтэрнэтам, Іван Тустоў адказаў:

«Так, карыстаюцца. Многія маюць інтэрнэт дома. Бо зь дзецьмі ды ўнукамі жывуць. Глядзяць, паказваюць, чытаюць прэсу. Самі нашы вэтэраны — вельмі адукаваны народ.

Я сам асабіста гляджу і чытаю інтэрнэт. Я вэтэран ўзброеных сілаў. Мне за 60 гадоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG