Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі «Вольная студыя». Эфір 28 сакавіка

Ва ўсе часы мастакі знаходзілі натхненьне ў жаночай прыгажосьці ці краявідах прыроды. Хто безьліч разоў маляваў грацыёзных натурніцаў, хто самазабыўна ствараў 36 пэйзажаў з Фудзіямай. Беларускі мастак Аляксей Марачкін прызнаецца, што яго натхняе — дыктатура, а таму безь яе, роднай, ён свайго мастацтва не ўяўляе. 30 сакавіка стваральніку і першаму старшыні мастацкай суполкі «Пагоня» спаўняецца 70 гадоў.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: «Спадар Аляксей, вы шчасьлівы чалавек, у вас два дні народзінаў — 10 і 30 сакавіка. Прынамсі, у розных энцыкляпэдыях і даведніках называюцца дзьве розныя даты. Адкуль узьнікла гэтая блытаніна?»

Аляксей Марачкін: «Так ужо атрымалася, дакумэнты аб маім дні народзінаў не захаваліся. Калі я пайшоў у школу, то мяне папрасілі запоўніць анкету. Я ведаў, зь якога я году, і месяц сакавік памятаў, ён для мяне быў заўсёды зьвязаны з гуканьнем вясны, а дату я назваў прыблізную. Потым ужо маці сказала, што я нарадзіўся ў дзень сьвятога Аляксея — Божага чалавека. І тады я вылічыў, што дзень гэты прыпадае на 30 сакавіка. Так што я сьвяткую цэлых дваццаць дзён — ад 10 да 30 сакавіка...»

+Скобла: «А ў якім узросьце вы канчаткова зразумелі, у чым вашае прызваньне? Скажам, калі вы выкладалі маляваньне ў сярэдняй школе вёскі Рубель на Століншчыне, вы ўсьведамлялі, што вам трэба ехаць і заваёўваць сталіцу?»

Марачкін: «Я гэта абсалютна дакладна ўсьведамляў і ведаў, што сталіца ад мяне нікуды не ўцячэ. І мне было абыякава, куды мяне разьмяркуюць пасьля Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. Калі я прыйшоў у дэканат, і мне там сказалі, што мяне накіроўваюць на Палесьсе, у Рубель, я з радасьцю пагадзіўся. Там такая калярытная мова! І калі я прыехаў у той Рубель (а гэта самая вялікая вёска ў Беларусі!), то нават ня ўсё разумеў. Скажам, паказваю дзецям свае малюнкі, а яны кажуць: «Як хвайно!». Едучы ў Рубель, я ўжо ведаў, што пайду ў войска. Служыў я ў знакамітых Пячах, дзе спаліў танк, ненаўмысна, вядома. І той танк яшчэ доўга стаяў, абгарэлы. А афіцэры ўвесь час паказвалі: «Вось глядзіце, што натварыў курсант Марачкін!».

Скобла: «Дык вы яшчэ тады паставілі пад пагрозу абароназдольнасьць Савецкага Саюзу?»

Марачкін: «Яшчэ тады, у 1963 годзе. Я шмат выдурняўся ў войску, паколькі быў ня толькі танкістам, але і мастаком. Я павінен быў афармляць усякія „ленінскія пакоі“, пісаць на плякатах маральны кодэкс будаўніка камунізму... А гэта была такая нудота! Каб павесяліцца, я часам спэцыяльна рабіў памылкі. Напрыклад, на адным плякаце замест: „воін, будь бдітелен“ я напісаў: „воін, будь спокоен“. І ніхто гэтага не заўважыў, бо ніхто тых плякатаў не чытаў. Пакуль я сам не паказаў нампаліту. За „дывэрсію“ мяне адправілі на сьвінафэрму, дзе я дзяжурыў, узброены штыком. Пасьля „дывэрсіі“ мне аўтамат не давяралі, толькі штык-нож».

Скобла: «Кажуць, што першую частку жыцьця мастак працуе на сваё імя, а другую частку — імя на мастака. Ці дасягнулі вы таго парогу, за якім можна і расслабіцца, бо на вас і за вас працуе ваша імя?»

Марачкін: «Пра імя — гэта занадта гучна сказана. Вядомае імя, невядомае... У сёньняшняй Беларусі мастак калі і вядомы, то пераважна сярод сяброў і аднадумцаў. Ня буду хаваць, у мастакоўскім асяродзьдзі ёсьць і такія, якія люта мяне ненавідзяць, стараюцца са мной не вітацца, абыходзяць. Зразумела, што прыўладныя арганізацыі мяне таксама стараюцца не заўважаюць. Гэта сьмешна, але бываюць проста недарэчныя выпадкі. Напрыклад, колькі гадоў таму выйшла кніга памяці Міколы Селешчука, і там зьмешчаны групавы фотаздымак, на якім знакамітыя людзі: Селяшчук, Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў... Дык мяне з таго здымка... выцерлі! І нікога гэта не абурыла, было спакойна ўспрынята ў нашым Саюзе мастакоў... Што ж, час ва ўсім разьбярэцца. Бо акрамя дыктатуры палітычнай, ёсьць яшчэ і дыктатура часу, яна будзе дыктаваць і расстаўляць усё па сваіх месцах.
Акрамя дыктатуры палітычнай, ёсьць яшчэ і дыктатура часу, яна будзе дыктаваць і расстаўляць усё па сваіх месцах.
Мікалай Халезін, кіраўнік Свабоднага тэатру, вельмі хораша сказаў, што „сёньняшняя ўлада не нараджае геніяў“. І гэта сапраўды так. Мне часам закідваюць: „Аляксей, ты нармальны мастак, маляваў бы кветачкі, краявіды, ня лез бы ў палітыку“. Я гэтага не прымаю. Відаць, некаму вельмі хочацца, каб нашы людзі думалі пра што заўгодна, толькі не пра палітыку. Думалі-гадалі, напрыклад, адкуль узяўся хлопчык Міколка ў нашага правадыра? А дзе яго маці? Вось пра што думайце, а пра лёс Бацькаўшчыны — нельга, бо гэта палітыка... Мне ўспамінаюцца слова Казімера Малевіча: „Форма — гэта і ёсьць змест“. Калі я бачу ў „Нашай Ніве“ здымак „амонаўца“ ў чорнай масцы, то адчуваю, што чорная форма дыктуе яму і ягоны „зьмест“. Апраніце ў такую форму вас, мяне, адзеньце маску, прыдушыце нашу вольнасьць, і — хочаш не хочаш — нешта нялюдзкае ўчыніць захочацца. Прыйшоў „амонавец“ у масцы ў маю майстэню і глуміўся над маімі творамі... Адкрывайце свой твар, гаварыце. Лепш весьці дыялёг, чым спадзявацца на свае біцэпсы і кулакі».

Скобла: «Свой знакаміты верш „Начная песьня вандроўніка“ Гётэ напісаў на дзьвярах паляўнічай хаткі. Вы таксама часам малюеце на дзьвярах, на прасьніцах».

Марачкін: «На гэта мяне натхніў Язэп Драздовіч. Я доўгія гады зьбіраў ягоную спадчыну, і калі знаходзіў новы твор, то глядзеў на другі бок палатна — а што там напісана? А ён запісваў безьліч усякай інфармацыі: чый партрэт, пры якіх абставінах маляваў і г.д. І вось я таксама спакусіўся і на некаторых творах нібы дзёньнік пісаў, часам нават вершаваныя радкі. Неяк мой сябра і вучань Мікола Ісаёнак таксама аднойчы нібы папракнуў: „Ты малюеш нон-канфармісцскія творы, а ўлада ж гэтага ня любіць. А я вось пішу краявіды, балотцы, бярозкі“. Я пра Міколу склаў такія радкі: „Штодня малюю хмызьнякі і застаюся на вякі“. А калі я сядзеў на на Акрэсьціна, то хадзіў туды-сюды па камэры, і раптам бачу — дзьверы як твор мастацтва! На іх былі выдрапаныя імёны, нейкія словы... Дзьверы тыя, канешне, фарбаваліся, але рэльефы заставаліся. І мне было цікава іх расчытваць. Пасьля ў мяне нарадзілася „Паэма пра Акрэсьціна“. Так што для творцы нават карысна пабыць у турэмных сьценах. Мастацтва — гэта мая споведзь, бо ня кожны дзень будзеш хадзіць да сьвятара спавядацца. Мы з вамі, Міхась, шчасьлівыя людзі — спавядаемся на паперы, на палатне».
Мастацтва — гэта мая споведзь, бо ня кожны дзень будзеш хадзіць да сьвятара спавядацца.


Скобла: «Як ні дзіўна, але ў гісторыі застаюцца і тыя, хто чыніў і памнажаў зло. Той жа Сталін. Як вы лічыце, чаму гісторыя паблажлівая да зла?»

Марачкін: «Я думаю, гісторыя да зла не паблажлівая. Яна проста высьвятляе мінулыя зацемненыя старонкі. І высьвятляе праўдзіва, хоць часам і тэндэнцыйна. У кожнай краіны свая гісторыя, у Беларусі свая, у Расеі свая. Што да Сталіна, то тут я падтрымліваю Расейскую праваслаўную царкву, якая закляйміла сталінізм як страшэннае зло. Сталін — гэта людаед, ён столькі бязьвінных людзей загубіў! Самае гнюснае, праз што мы прыйшлі, — гэта пабудова камунізму. „Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!“ Каб гэтыя пралетарыі займелі б усясьветную ўладу, гэта быў бы хаос, страшнейшы за атамную вайну. Дзякуй Богу, што ўсё гэта ляснулася. Я лічу, што камуністычная ідэя нараджала зло».

Скобла: «Ваш сябар Аляксандар Родзін жыве ў Нямеччыне, Алесь Шатэрнік усё даўжэй затрымліваецца ў ЗША... Пры якіх умовах вы таксама змаглі б пакінуць Беларусь?»

Марачкін: «Толькі тады, калі мяне выціснуць сілком. Але пакуль я трымаюся, мне тут камфортна, тут мае сябры. Я нават жартую: «Ну, а калі нас усіх пасадзяць? Разам сядзем — добрая кампанія будзе!» Што з таго, што я буду пісаць у Амэрыцы ці Нямеччыне свае нон-канфармісцскія творы? Каму яны там патрэбныя? Там гэта можна лёгка рабіць. А сёньня ў Беларусі напішы «Плошчу Каліноўскага», ці «Звычайны натурморт, ці „За элегантную победу“... Прабачце, гэта вымагае і мужнасьці, і адказнасьці за тое, што ты робіш. Я не мазахіст, але дыктатура мяне натхняе».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG