Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэміі атрыманыя за заўчасна памерлых нашых суайчыньнікаў”


Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Днямі завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў і распачалася агітацыйная кампанія. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Надзея, Менск: «Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт тактыкі апазыцыі ў гэтак званых мясцовых выбарах. Дык вось, апазыцыя мае ўжо сёньня адназначна вызначыцца: хто з апазыцыйных кандыдатаў бярэ ўдзел, тыя абавязкова ідуць да канца, а хто здымаецца, той здымаецца ўжо сёньня. Адзінае, чаго ні ў якім разе нельга рабіць, гэта бясконца вагацца. Вось мы правядзем агітацыйную кампанію, а потым паглядзім. А на што глядзець? Тое, што ўлады будуць чыніць перашкоды і што галасы ня будуць лічыць, гэта ўжо ўсім загадзя зразумела».

Спадар: «Тое, што зарэгістраваная вялікая колькасьць кандыдатаў ад апазыцыі, гэта ні пра што ня кажа, бо ў сьпісах пераможцаў нікога ці амаль нікога ня будзе. Вось калі б у выбарчых камісіях быў такі ж адсотак прадстаўнікоў апазыцыйных партый, то можна было б казаць пра нейкія перамены. Таму лічу, што трэба здымаць апазыцыі сваіх кандыдатаў з выбараў і ня быць удзельнікамі гэтага спэктаклю».

Ніна Ярмалінская, Салігорск
: «Зарэгістраваным дэмакратычным кандыдатам ніяк нельга здымаць свае кандыдатуры напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы, а трэба праводзіць агітацыйную прапаганду сярод насельніцтва і інфармаваць людзей пра сапраўднае палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі. Удзел у выбарчых кампаніях — шлях да дэмакратыі, свабоды і незалежнасьці».

Прыхільнік Мірона, Лясное: «Адзін мудразвон пажадаў, каб яны жылі, як мы. Я ж прапаную нам жыць, як яны, і пачынаць ужо з выбараў. Яны будуць лічыць сваіх, а мы паўторна прыйдзем да ўчасткаў і пералічым сваіх. З павагай, прыхільнік Мірона».

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадар Анатоль: «І вось на якую тэму хацелася пагаварыць. Нядаўна Міністэрства аховы здароўя хвалілася, што за мінулы 2009 год зэканомлена амаль 50 мільярдаў рублёў. Вядома, за гэта многія начальнікі ад мэдыцыны атрымалі прэміі. Але яны ня скажуць, што прэміі атрыманыя за заўчасна памерлых нашых суайчыньнікаў, бо тыя не атрымалі патрэбных лекаў. Асабліва гэта датычыць так званых ільготнікаў: чарнобыльцаў, аўганцаў, інвалідаў першай і другой групы. Мэдыкі выпісваюць ім танныя і неэфэктыўныя лекі. Таму і паміраюць людзі. Так беларускія пасьлядоўнікі Гіпакрата прымаюць актыўны ўдзел у зьнішчэньні нацыі, якая, як вядома, зьмяншаецца з кожным годам».

Спадар: «Хачу вам падзякаваць, таварышы журналісты, за перадачу, якую вы арганізавалі, і тым сьмелым жанчынам, якія выказалі ўсю праўду пра тое, што адбывалася на Беларусі з 30-х гадоў і па сёньняшні дзень. Гэта сьмелыя людзі, шчырыя, ня крывяць душой. Я таксама зь сям’і рэпрэсаваных. Тут шмат такіх, але яны баяцца выказацца. І дзякуй Богу, што знайшліся такія людзі, якія сьмела выказаліся, не збаяліся!»

Мікола Шаравар, Салігорск: «Паважаныя сябры! 30 сакавіка сваё 70-годзьдзе адзначае наш неўвядальны змагар за адраджэньне нацыі, жывапісец Аляксей Марачкін. Плён яго працы ўражвае. Апроч таго, Аляксей Антонавіч не адыходзіць і ад грамадзкіх спраў. Некалькі гадоў ён кіраваў згуртаваньнем беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“. З нагоды гэтай падзеі я ад усяго сэрца шчыра віншую юбіляра і зычу яму здароўя і плённай працы на карысьць Бацькаўшчыны на доўгія гады».

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG