Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 30 сакавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.




ПАКРАПАЕ...


....але ня будзе надта холадна. Тэмпэратура: +3 — +9 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Сустрэча з перакладчыкам і паэтам Антонам Францішкам Брылём у межах літаратурных чытаньняў з часопісам “ПрайдзіСьвет”, а таксама яго аўтарскія чытаньні пройдуць 30 сакавіка ў кнігарні “Ўгалерэі”. Вечарына будзе прысьвечаная эпічнай паэме “Бэўвульф” у перакладзе на беларускую мову А. Ф. Брыля. У другой частцы вечарыны перакладчык будзе чытаць свае вершы. Пачатак а 19.00.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі ў Вашынгтоне.

Amnesty International у Лёндане публікуе свой штогадовы даклад пра пакараньне сьмерцю на сьвеце.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1613 зьдзейсьніў свой подзьвіг легендарны герой расейскай гісторыі Іван Сусанін. Сусанін быў спадчынны стараста вёскі Домніна ў Кастрамскім краі. Ён завёў замежных інтэрвэнтаў у балота, за што і паплаціўся жыцьцём. Ва ўсёй гэтай гісторыі зьвяртаюць на сябе ўвагу дзьве акалічнасьці. Па-першае, інтэрвэнты былі зь Вялікага Княства Літоўскага — гэта значыць, з тагачаснае Беларусі. Па-другое, ратаваў ад іх Сусанін ня што іншае, а расейскага цара — заснавальніка дынастыі Раманавых Міхаіла Фёдаравіча. Нездарма славутая опэра Міхала Глінкі "Іван Сусанін" у арыгінале называецца "Жыцьцё за цара".

У 1689 быў пакараны сьмерцю берасьцейскі філёзаф Казімер Лышчынскі, якога называюць беларускім Джардана Бруна. Яго судзілі за напісаны ім трактат "Пра неіснаваньне Бога". Паводле прысуду, на плошчы Старога рынку ў Варшаве Лышчынскаму публічна адсеклі галаву, цела вывезьлі за горад і спалілі, а попелам стрэлілі з гарматы.

У 1844 нарадзіўся выдатны францускі паэт Поль Вэрлен (пам. 1896).

У 1945 нарадзіўся Эрык Клэптан, адзін з найвыдатнейшых блюзавых гітарыстаў сьвету.

У 1970 на экраны выйшаў фільм Уладзіміра Матыля (1927-2010) "Белае сонца пустыні", культавая карціна савецкага кінэматографу, якую некаторыя называюць савецкім "істэрнам", па аналёгіі з амэрыканскім "вэстэрнам". У. Матыль нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Лепелі ў Беларусі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Міколка Лукашэнка — газэтны антыгерой".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Восток — дело тонкое", "Гюльчатай, открой личико", "Таможня даёт добро", "Вопросы есть?.. Вопросов нет", "...за державу обидно!" — памятныя фразы з фільму "Белае сонца пустыні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG