Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта называецца палітычным шантажом, а не дыпляматыяй”


Саміт "Усходняга партнэрства ў Празе, 7 траўня 2009, Уладзімер Сямашка і Ўладзімер Сянько

Саміт "Усходняга партнэрства ў Празе, 7 траўня 2009, Уладзімер Сямашка і Ўладзімер Сянько

Пасол Беларусі ў Эўразьвязе Ўладзімер Сянько абвінаваціў некаторых ініцыятараў “Эўранэсту” ў палітычным экстрэмізьме. Ён заявіў, што яны дзейнічаюць у правакацыйнай манеры.


Яны, маўляў, патрабуюць ад беларускага парлямэнту “супрацоўнічаць” з “Эўранэстам” на дыскрымінацыйных і абразьлівых умовах, калі месцы ў асамблеі даюцца беларусам, якія не ўваходзяць у беларускі парлямэнт”. Ён адзначыў, што некаторыя партнэры ў ЭЗ і асабліва ў Эўрапарлямэнце не гатовыя адмовіцца ад бесьперапыннага ціску, пошуку вінаватых ды чытаньня натацыяў.

Гэты ліст Уладзімера Сянько пад загалоўкам “Няроўны падыход” зьмясьціла брусэльскае выданьне ЕuropeanVoice. Паводле беларускага дыплямата, гэта свайго роду “фундамэнтальны мэсыдж” да кіраўніцтва Эўразьвязу. Падставай для яго стаў зьмешчаны ў ЕuropeanVoice артыкул “Ліцэнзія на разьвязваньне рэпрэсіяў” беларускага аналітыка Віталя Сіліцкага.

Камэнтуючы выказваньні беларускага амбасадара, прадстаўнік апарату Эўрапарлямэнту Міхал Чапліцкі выказаў неафіцыйную пазыцыю:

“Тое, што піша пасол Сянько, не зусім праўда. Ён кажа, што беларускі парлямэнт ніколі не пагодзіцца выступаць на міжнародным узроўні
мы ня можам пагадзіцца на тое, каб трактаваць беларускі парлямэнт цалкам нароўні зь іншымі парлямэнтамі, якія абраныя дэмакратычна ...
нароўні з апазыцыяй. Але парлямэнт ужо выступае нароўні з апазыцыяй — у Паўночнай радзе. Там ёсьць як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, так і апазыцыі. І з гэтым няма праблемаў. Нельга сказаць, што парлямэнт ніколі на гэта не пагодзіцца.

Апроч гэтага, мы разумеем пазыцыю амбасадара, якая ня згодная з пазыцыяй Эўрапейскага парлямэнту. Мы маем нашы рэзалюцыі, нашы законы, і гэта рэчы прынцыповыя і важныя для нас. Ёсьць пэўная магчымасьць кампрамісу, але мы ня можам пагадзіцца на тое, каб трактаваць беларускі парлямэнт цалкам нароўні зь іншымі парлямэнтамі, якія абраныя дэмакратычна”.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, амбасадар дзейнічае ў межах сваіх паўнамоцтваў і рэтрансьлюе пазыцыю не Сянько і не Мартынава.

Анатоль Лябедзька
“Гэта тактыка такога тарана: ісьці наперад, робячы жорсткія заявы і дэмаршы. Тое, што зараз робіць Сянько, — гэта называецца палітычным шантажом, а не дыпляматыяй. Гэта проста гістэрыка і ня больш за тое. Хацелася б запытаць у спадара Сянько, а ці не выглядае абразьлівым тое, што ў Беларусі цягам 16 гадоў няма выбараў, а тое, што адбываецца, — фальсыфікуецца? І Лукашэнка гэта прызнаў двойчы публічна, і апошні раз — у інтэрвію газэце “Известия”. Таму прэтэнзіі трэба прад’яўляць не апазыцыі і прыхільнікам пераменаў, а самім сабе.Трэба несьці адказнасьць за тое, што адбываецца ўнутры краіны. І абсалютна правільная пазыцыя Эўрапарлямэнту, які адмаўляе людзям, якіх не абіралі грамадзяне нашай краіны, у месцах у “Эўранэсьце”.

Актывіст руху “За свабоду” Алесь Лагвінец мяркуе, што гэты ліст выкліканы занепакоенасьцю афіцыйнага Менску, бо Эўразьвяз сёньня задумваецца над тым, як павялічыць эфэктыўнасьць палітыкі дыялёгу:

Алесь Лагвінец
“Выразна бачна, што апошнім часам у сфэры правоў чалавека, павагі да дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі адбываецца рэгрэс. І кампанія мясцовых выбараў паказвае, што наўрад ці што фундамэнтальна памяняецца ў тым, як праводзяцца выбары ў Беларусі. Таму ўлады хочуць неяк дзейнічаць наперад і выбіраюць свой звычайны, савецкі стыль паводзінаў. Гэта азначае падымаць гістэрыю і навешваць непатрэбныя ярлыкі свайму партнэру. Яны гатовы пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі абмяркоўваць толькі дзеля абмеркаваньня, а ня дзеля вырашэньня гэтых пытаньняў”.
XS
SM
MD
LG