Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка Парэмская: “Была гатовая даць любыя паказаньні, абы адпусьцілі”


У Вярхоўным судзе працягваецца працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах. Зноў сьведкі даюць паказаньні, якія супярэчаць іх допытам падчас сьледзтва, і кажуць пра ціск з боку сьледчых.


Паводле сьледзтва, прадпрымальнік з Оршы Ігар Пузікаў спрабаваў перадаць запіску Мікалаю Аўтуховічу, калі той сядзеў у гарадзенскай турме ў кастрычніку 2005 году. Гэтак нібыта дзейнічала сувязь паміж Аўтуховічам і ягонай злачыннай групоўкай. Што патлумачыў сьведка сёньня суду?

Ігар Пузікаў паведаміў суду, што пазнаёміўся з Аўтуховічам, каб пераняць ягоны досьвед у арганізацыі аўтаперавозак. У кастрычніку 2005 году, калі Аўтуховіча арыштавалі, Пузікаў прыехаў у Гародню і паспрабаваў атрымаць ад вязьня згоду на набыцьцё ў яго “2—3 адзінак аўтатэхнікі”. Свайму знаёмаму, супрацоўніку турмы Шнітко, прадпрымальнік Пузікаў, паводле ягоных слоў, паказаў запіску адпаведнага зьместу, каб той перадаў яе Аўтуховічу. Але Шнітко адмовіўся ўзяць запіску.

Пракурор Эльдар Сафараў палічыў, што гэтыя паказаньні Пузікава супярэчаць таму, што ён казаў на сьледзтве. Паводле тых паказаньняў, знаёмы турэмшчык нібыта ўзяў запіску для Аўтуховіча, а назаўтра вярнуў, сказаўшы, што перадаць не атрымалася.

Супярэчнасьці Ігар Пузікаў патлумачыў ціскам: маўляў, яго фактычна прымушалі даваць тыя паказаньні, якія былі патрэбныя сьледчым.

“Гэта было на Вялікдзень. Мне казалі, падпішаш — выйдзеш на волю”, — распавёў у судзе Ігар Пузікаў. Пры гэтым і сёньня ў судзе Пузікаў блытаўся ці згадваў пра пэўныя падзеі выбарачна. Гэтак, сьведка сказаў, што яго нібыта прымусілі прызнацца ў перадачы запіскі, але на пытаньне судзьдзі Аляксея Цяцюхіна, як было насамрэч, адказаў: “Ня памятаю”.

Былы супрацоўнік гарадзенскай турмы Сяргей Шнітко даў суду больш пэўныя паказаньні. Ён заявіў, што бачыў у Пузікава запіску для Аўтуховіча, але яе нават ня ўзяў, а праз пэўны час напісаў рапарт кіраўніцтву калёніі пра спробу вонкавага кантакту з Аўтуховічам. Сэнс запіскі быў такі: Пузікаў пытаўся пра дазвол на набыцьцё “2—3 аўтамабіляў”. Што да ціску з боку сьледчых — пра яго нібыта Ігар Пузікаў казаў на вочнай стаўцы зь Сяргеем Шнітко.

Лідэр ініцыятывы вэтэранаў Аўганістану Аляксандар Камароўскі гэтак пракамэнтаваў паказаньні сьведак Ігара Пузікава і Сяргея Шнітко:

Аляксандар Камароўскі
“Заблытаны чалавек. Пасадзілі яго ў камэру, надзелі кайданкі, а тут сьвята падыходзіць, ды яшчэ ў яго бізнэс. Плюс трывалы ціск сьледчых органаў — гэта паўплывала на яго паказаньні. А вось супрацоўнік турмы, лічу, даў сумленныя паказаньні. І таксама казаў пра ціск”.

Пачала даваць паказаньні таксама Людміла Парэмская, былая бухгальтарка фірмы Аўтуховіча “Ніка-транс”. Парэмская паведаміла, што перадавала для Ларына праз Уладзімера Асіпенку 700—800 даляраў ЗША. Мэты ёй невядомыя. Ад усіх ранейшых паказаньняў адносна зброі сьведка адмовілася, бо давала іх нібыта пад ціскам сьледчых:

Пракурор Эльдар Сафараў: “Адносна падазрэньняў наконт Ларына, зьвязаных з гранатамётам. Вы казалі пра гэта сьледчым?”

Сьведка Парэмская: “Не, увогуле не”.

Пракурор Эльдар Сафараў: “Гэта ня вашы словы?”

Сьведка Парэмская: “Не”.

Пракурор Эльдар Сафараў: “Выходзіць, сьледчы сам гэта дапісаў?”

Сьведка Парэмская: “Ня ведаю. Кажу, я была ў такім стане, што гатова была што заўгодна падпісаць, абы адпусьцілі дадому”.

Сёньня на допыт выклікалі таксама сьведку Анжэлу Ларыну, былую Хасанаву. Шлюб яны аформілі, калі Ларын ужо быў пад арыштам. Скарыстаўшы цяперашні статус жонкі, Анжэла Ларына адмовілася даваць паказаньні адносна Аляксандра Ларына. Нагадаю, на паказаньнях Ларына, сярод іншых, грунтуюць сьледчыя абвінавачаньне Аўтуховіча і Асіпенкі ў падрыхтоўцы тэракту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG