Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшняе выданьне International Herald Tribune публікуе камэнтар нямецкага эканамічнага экспэрта, які прапануе эўрапейскім краінам з найбольш стабільнай эканамічна-фінансавай сытуацыяй выйсьці з зоны эўра.


Паводле прафэсара Яахіма Штарбаты, Нямеччына разам з такімі краінамі як Аўстрыя, Фінляндыя, Галяндыя і Францыя павінны пакінуць зону эўра, якую цяпер ліхаманіць ад грэцкага фінансава-эканамічнага крызісу, ды стварыць новы валютны блёк, магчыма, што і з зусім новай агульнай валютай.

Штарбаты лічыць, што палітыка нізкіх працэнтных ставак Эўрапейскага цэнтральнага банку схіліла шмат якія эўрапейскія краіны, асабліва з поўдня кантытэнту, аслабіць бюджэтную дысцыпліну і пабольшыць спажываньне. Грэцкі крызыс, дадае экспэрт, гэта ўсяго першае з фінансавых ваганьняў, якія чакаюць эўра ў бліжэйшым часе.

Штарбаты таксама крытыкуе рашэньне Эўразьвязу і Міжнароднага валютнага фонду, ухваленае на мінулым тыдні, у якім Грэцыі была абяцаная фінансава-эканамічная дапамога, калі краіна сама ня справіцца з крызысам цягам бліжэйшых месяцаў. Ён лічыць, што гэтае абяцаньне дапамогі парушае дамову аб агульнай эўрапейскай валюце 1993 году, а таму дае фармальнае права дзяржавам Эўразьвязу на выхад з зоны эўра.

"Калі б Нямеччына скарысталася гэтай нагодай і выйшла з зоны эўра, яна не была б адзінокай", — піша Штарбаты. "Гэткі самы разьлік хутчэй за ўсё схіліў бы Аўстрыю, Фінляндыю, Галяндыю і, магчыма, Францыю пакінуць краіны зь вялікімі даўгамі і далучыцца да Нямеччыны ў новым, стабільным блёку, магчыма, нават з новай агульнай валютай".

Такая новая і моцная валюта, аргумэнтуе Штарбаты, магла б стаць запасной валютай для сусьветных інвэстараў, калі б абваліўся амэрыканскі даляр, на які цісьне велізарны нацыянальны доўг ЗША.

Тымчасам, нягледзячы на глябальныя клопаты эўра і даляра, курсы абмену гэтых валютаў у Менску працягваюць расьці. На мінулым тыдні кошт аднаго даляра ў Менску перасягнуў мяжу 3000 рублёў. А за адзін эўра ў пунктах абмены валюты пляцяць больш чым 4000 рублёў
XS
SM
MD
LG