Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — дзень разгляду скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі. Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 318 асобам. Прыкладна палова зь іх абскардзіла гэтыя рашэньні.

Скаргі, як тлумачыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, будуць разглядаць вышэйстаячыя выбарчыя камісіі:

«Гэта азначае: калі грамадзянін не зарэгістраваны як прэтэндэнт у сельскі савет, ягоную справу будзе разглядаць раённая камісія. Калі яму адмовілі на раённым роўні, то трэба зьвяртацца ў абласную камісію».

Колькасьць скаргаў перавышае колькасьць асобаў, якія іх падалі. Справа ў тым, што некаторыя кандыдаты балятаваліся адразу ў саветы некалькіх роўняў. Менавіта няўвага да гэтага з боку камісіяў прывяла да блытаніны і стала падставай для скаргаў. Напрыклад, у Баранавічах — кажа сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Партыі БХД Павал Севярынец:

Нашаму кандыдату камісія ўклала падпісны аркуш з раённага савету ў дакумэнты абласнога.
«Нашаму кандыдату камісія ўклала падпісны аркуш з раённага савету ў дакумэнты абласнога. І таму яму адмовілі ў рэгістрацыі, Сказалі, што вы ня можаце быць зарэгістраваны ў абласны савет, бо зьбіралі подпісы не па той акрузе, ды яшчэ і ліст падпісалі няправільна. Ён тлумачыць: гэта ж мае подпісы з раённай акругі, чаму вы іх паклалі не туды? Адказ: нічога ня ведаем, вы не зарэгістраваны».

У Менску пададзена 19 скаргаў на адмовы акруговых камісіяў. Сябра гарадзкой выбарчай камісіі Сяргей Альфер гаворыць пра ліст ад Аляксандра Сяргіенкі:

«Справа гэтая вельмі простая. Яго не зарэгістравалі з-за дэклярацыі. У Сяргіенкі ёсьць непрыбытковая арганізацыя. Акруговая камісія палічыла, што ён зрабіў памылку, калі не паказаў у дэклярацыі статутны фонд. Але ў такіх арганізацыяў статутнага фонду сапраўды няма. І таму ён даў праўдзівыя зьвесткі».

Гарадзкая камісія задаволіла шэсьць скаргаў, у тым ліку і Аляксандра Сергіенкі.
XS
SM
MD
LG