Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Сянько: “Дыялёг павінен быць бязь ціску”


 Саміт "Усходняга партнэрства" ў Празе, 7 траўня 2009, Уладзімер Сямашка і Ўладзімер Сянько.
Саміт "Усходняга партнэрства" ў Празе, 7 траўня 2009, Уладзімер Сямашка і Ўладзімер Сянько.

Пад загалоўкам “Няроўны падыход” брусэльскае выданьне ЕuropeanVoice зьмясьціла ліст амбасадара Беларусі ў ЭЗ Уладзімера Сянько.

Паводле беларускага дыплямата, гэта свайго роду “фундамэнтальны мэсыдж” да кіраўніцтва Эўразьвязу. Падставай для яго стаў зьмешчаны ў ЕuropeanVoice артыкул “Ліцэнзія на разьвязваньне рэпрэсіяў” беларускага аналітыка Віталя Сіліцкага.

“Маё фундамэнтальнае пасланьне да эўрапейскіх калегаў, - піша Ўладзімер Сянько, - застаецца нязьменным. Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці паўнавартасных стасункаў з ЕЗ у поўным аб'ёме”. Паводле беларускага дыплямата, гэта “прынцыповая пазыцыя, якая цалкам адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі”.

Уладзімер Сянько ўзгадвае ў сувязі з гэтым рашэньне Рады ЭЗ адносна неабходнасьці адысьці ад палітыкі ізаляцыі Беларусі і замяніць бясплённы ціск лёгікай раўнапраўнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня.

У сваім артыкуле беларускі амбасадар піша пра пасьпяховасьць гэтага распачатага паміж Менскам і ЭЗ дыялёгу, найперш у эканамічнай галіне, а таксама пра надзеі беларускага боку на дыялёг пра дэмакратызацыю і правы чалавека, бо гэтыя пытаньні для Менску - “не табу”. Аднак, працягвае Уладзімер Сянько, “мы пагадзіліся распачаць дыялёг з ЭЗ наконт пытаньняў правоў чалавека, хоць адна з умоў гэтага дыялёгу - плян дзеяньняў паміж ЭЗ і Беларусьсю - яшчэ Эўразьвязам ня выканана”.

Паводле Сянько, у гэтай галіне дыялёг павінен “грунтавацца на прынцыпах роўнасьці і партнэрства, бязь ціску і пры поўнай павазе нацыянальных асаблівасьцяў і ўласьцівасьцяў Беларусі”.

“На жаль, некаторыя нашы партнэры ў ЭЗ і асабліва ў Эўрапарлямэнце, відаць, не гатовыя прыняць філязофію роўнага і прагматычнага падыходу да кантактаў зь Беларусьсю. Яны не гатовыя праявіць палітычную сьмеласьць і адмовіцца ад бесьперапыннага ціску, пошуку вінаватых ды чытаньня натацыяў - ад падыходаў, якія выявіліся непрадуктыўнымі”.

Як піша беларускі дыплямат, некаторыя ініцыятары праграмы “Эўранэст” - Парлямэнцкай асамблеі “Ўсходняга партнэрства”, напрыклад, дзейнічаюць у правакацыйнай манеры. “Яны сталі на пазыцыю палітычнага экстрэмізму, патрабуючы, каб беларускі парлямэнт пагадзіўся на тое, на што ніводны дзяржаўны орган, ніводная сувэрэнная дзяржава не магла б пагадзіцца, а менавіта “супрацоўнічаць” з “Эўранэстам” на дыскрымінацыйных і абразьлівых умовах, калі месцы ў асамблеі даюцца беларусам, якія не ўваходзяць у беларускі парлямэнт”.

“Такі падыход - бясплённы і шкодны”, зазначае Сянько. Цяжка зразумець матывы тых, хто дзейнічае такім чынам, бо гэта ня толькі ўскладняе кантакты паміж Беларусьсю і ЭЗ, але таксама - што асабліва безадказна - перашкаджае ўмацаваньню незалежнасьці маладой беларускай дзяржавы.

“Ня ўсё задавальняе нашых партнэраў у Брусэлі, але важна прызнаць, што базавыя чаканьні Беларусі ад ЭЗ таксама далёкія ад выкананьня. Гэта тычыцца амаль усіх галінаў нашага супрацоўніцтва - ад палітыкі і эканомікі да асабістых кантактаў паміж людзьмі. Мы дагэтуль чакаем адчувальных вынікаў”, - заканчвае свой ліст беларускі амбасадар у ЭЗ Уладзімер Сянько.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG