Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: “У законе не прапісана права партыяў здымаць кандыдатаў”


Сёньня лідэры беларускай апазыцыі працягнуць кансультацыі наконт фармату ўдзелу у кампаніі мясцовых выбараў. Папярэдняя спроба ў мінулую пятніцу плёну не дала -- апазыцыянэры ня выпрацавалі супольнай пазыцыі наконт удзелу альбо зьняцьця сваіх кандыдатаў.

Адзінае, пра што пакуль удалося дамовіцца, — падрыхтаваць агульную заяву з ацэнкай тых этапаў выбарчай кампаніі, якія ўжо скончыліся.
Дыскусія выявіла тры падыходы. Першы — зрабіць палітычную заяву аб выхадзе з кампаніі, пакінуўшы права ўдзельнічаць у выбарах толькі тым партыйцам, хто вылучаўся праз збор подпісаў. Другі — пакінуць права далейшага ўдзелу ў выбарах і за тымі, хто вылучаўся непасрэдна ад партыяў. Трэці — не сьпяшацца, паглядзець, ці дадуць улады праводзіць агітацыйную кампанію, а канчатковае рашэньне прымаць пазьней.

Супольнае рашэньне асабліва хвалюе тых прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы, якія вылучаліся непасрэдна ад партыяў і якіх ужо зарэгістравалі афіцыйнымі кандыдатамі. А раптам выбарчыя камісіі адменяць іх рэгістрацыю?

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік на пытаньне “Свабоды”, ці будуць выключаныя з выбараў вылучэнцы-партыйцы, калі іх партыі зьнімуцца з кампаніі, адказвае:

“Выбарчыя камісіі ў сваёй працы кіруюцца не рашэньнямі палітычных партыяў, а выбарчым заканадаўствам. А ў ім нідзе не сказана, што партыя мае права адклікаць свайго кандыдата ў дэпутаты. Тым больш, што Аб’яднаная грамадзянская партыя не прымала рашэньня аб адкліканьні сваіх вылучэнцаў. Яна як бы пусьціла іх у свабоднае плаваньне. Таму ніякіх рэпрэсій з боку выбарчых камісіяў да вылучэнцаў—чальцоў АГП ня будзе”.

Тым часам выбарчая кампанія выйшла на перадапошні этап – агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты. Яе вядуць афіцыйна зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты і іх давераныя асобы. Гэта найбольш працяглы этап кампаніі -- ён завершыцца 24 красавіка, за суткі да галасаваньня.

Кожны з зарэгістраваных прэтэндэнтаў атрымае да 5 хвілін выступу па мясцоваму радыё, грошы на ўлёткі. Аднак падлікі паказваюць – на дзяржаўныя грошы можна надрукаваць толькі тысячы дзьве ўлётак. А ў сталіцы ёсьць акругі, дзе пражываюць пад 30 тысяч выбарцаў.

Старшыня менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч балятуецца ў Старавіленскай акрузе № 41. Ён кажа, што ніводнага прадстаўніка дэмакратычных сілаў не ўключылі ва ўчастковыя камісіі, якія будуць лічыць бюлетэні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG