Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акцыі супраць ядзернай энэргетыкі ў Хэльсынкі ўзялі ўдзел беларусы


Напярэдадні ў Хэльсынкі падчас "Гадзіны Зямлі" прайшла акцыя супраць ядзернай энэргетыкі з удзелам беларусаў.

Як падае БелаПАН, у сталіцы Фінляндыі падчас правядзеньня "Гадзіны Зямлі" выступілі прадстаўнікі Антыядзернай кампаніі з розных краін, у тым ліку зь Беларусі, з заклікам назаўсёды адмовіцца ад выкарыстаньня атамнай энэргіі. Удзельнікі акцыі разгарнулі транспарант з надпісам "Выключце ядзерную энэргетыку — але не на гадзіну, а назаўсёды".

Сёлета парлямэнт Фінляндыі павінен прыняць рашэньне аб пабудове новых АЭС у краіне. Калі такое рашэньне будзе прынятае, то Фінляндыя адкрые дарогу для ўсёй Эўропы ў ядзерны капкан, заявіў падчас акцыі Ян Міневіч, грамадзкі актывіст з Вялікай Брытаніі.

Удзельніца акцыі пратэсту зь Беларусі, прадстаўніца Грамадзкай экалягічнай экспэртызы беларускай АЭС Тацяна Новікава адзначыла:

"Небясьпека ядзернай энэргетыкі распаўсюджваецца на тысячы кілямэтраў, таму і на Беларусь могуць аказаць патэнцыяльнае ўзьдзеяньне як новыя АЭС, так і ўранавыя распрацоўкі, тым больш што наша краіна знаходзіцца ня так далёка ад Балтыйскага мора. Таму мы лічым важным выказацца тут, у Хэльсынкі, супраць новых АЭС".

Міжнародная акцыя "Гадзіна Зямлі" праводзілася 27 сакавіка ў больш чым тысячы гарадоў 95 краін сьвету з мэтай прыцягнуць увагу грамадзтва да праблем навакольнага асяродзьдзя. З 20.30 да 21.30 усім людзям прапаноўвалася выключыць сьвятло, што павінна было сымбалізаваць падтрымку намаганьняў па эканоміі электраэнэргіі для зьмякчэньня ўзьдзеяньня чалавецтва на клімат Землі.
XS
SM
MD
LG