Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная Рада БХД прыняла рашэньне аб далейшым удзеле у мясцовых выбарах прынамсі да датэрміновага галасаваньня. За такое рашэньне прагаласаваў 21 чалавек, тры — супраць, сем — устрымаліся.

Як падае БелаПАН, сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец заявіў, што кампанія па выбарах у мясцовыя саветы для беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў зьяўляецца падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх выбараў.

Як паведаміў Севярынец, актывісты аргкамітэту БХД зарэгістравалі 204 ініцыятыўныя групы па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты. 173 чалавекі падалі ў выбарчыя камісіі дакумэнты на рэгістрацыю, зь іх 82 зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты. "Гэта азначае, што ў нас ёсьць вялікі патэнцыял для ўдзелу ў выбарах і павелічэньня колькасьці сваіх прыхільнікаў", — мяркуе палітык.

Паводле яго зьвестак, за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ад аргкамітэту БХД сабрана 28 тысяч 600 подпісаў па ўсёй краіне. "Прычым зборам подпісаў займалася толькі трэць актывістаў, зарэгістраваных у нас у сьпісах. З 2 тысяч 100 чалавек подпісы зьбіралі прыкладна 700. Калі б мы задзейнічалі ўсіх сваіх прыхільнікаў, то ўжо зараз набралі б 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты", — сказаў Севярынец.

Ён лічыць, што цяперашнюю выбарчую кампанію варта выкарыстаць для павелічэньня колькасьці прыхільнікаў БХД і членаў арганізацыі. "Кожны дзень агітацыйнай кампаніі будзе дадаваць нам колькасьць прыхільнікаў. Зь іх, як правіла, кожны другі становіцца актывістам БХД. Я разьлічваю, што ў выніку кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы мы атрымаем як мінімум 500 новых, актыўных членаў", — зазначыў палітык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG