Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Ірына Марачкіна (Крук)


Ірына Марачкіна (Крук). Здымак Арцёма Канцавога.
Ірына Марачкіна (Крук). Здымак Арцёма Канцавога.

Трыццаць гадоў таму разам з Майстроўняй у беларускае адраджэньне прыйшла і практыка перайманьня назваў у папярэднікаў. Калі партыя, дык Грамада, калі газэта, дык “Наша Ніва”... Зрэшты, і ўсю культурніцкую дзейнасьцю называлі па-колішняму – адраджэньнем.



Нічога дзіўнага ў гэтым не было, бо Майстроўня мусіла дысэнт ператварыць у рух, вынесьці нацыянальную ідэю на людзі і, натуральна, самапрэзэнтавацца. Ад нелегальнай суполкі ці імпрэзы такога прадстаўленьня не патрабавалася, бо там самі для сябе ведалі, што яны пераймаюць і ў каго, і гэтага было дастаткова. А тут вымагалася навонкі заявіць пра сваю пераемнасьць, а заадно актуалізаваць колішнія “брэнды”, а яшчэ заадно – узяць на сябе максымальна поўную адказнасьць за тое, што робіш, каб атрымаць права пачувацца ў гэтай дзейнасьці максымальна свабодным. Наколькі адказны, настолькі й свабодны. Ну і здаровыя амбіцыі маладых нэафітаў беларушчыны нельга ня браць пад увагу. Словам, усё гэта разам трыццаць гадоў назад і стала вырашальным у выбары назвы першага нефармальнага аб’яднаньня – Майстроўня.

Прапанавала гэтую назву студэнтка філфаку Ірына Крук.

Ірына: “Гэтую назву я пазычыла ў адной выдатнай беларускай суполкі. Была Майстроўня ў Вільні. Яна называлася Беларуская Драматычная Майстроўня. Я пра гэта даведалася, калі займалася пэрыёдыкай Заходняй Беларусі, сядзела ў бібліятэчных фондах, нават здабыла дазвол у спэцзахавальнікі, бо тая пэрыёдыка была закрытая для доступу. У мяне быў дазвол зь філялягічнага факультэту. І адтуль я даведалася, што ў Вільні квітнела беларускае жыцьцё”.

Артыкул пра Беларускую Драматычную Майстроўню ў Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі.

Дубавец: Беларуская Драматычная Майстроўня ў Вільні мясьцілася ў Базылянскіх мурах каля Вострае Брамы, тамсама, дзе і Беларуская гімназія, і Беларускі музэй. І праіснавала яна тры гады – з 1922-га да 1925-га. Дакладна столькі ж, дарэчы, колькі й наша Майстроўня напачатку 1980-х. Ключавым словам і там, і там было Майстроўня. Праўда, мы найперш займаліся сьпевамі, а ўжо пасьля тэатрам. Таму пазычаную назву пашырылі – Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня.

НАЗВА СПАТРЭБІЛАСЯ ДЛЯ АФІШЫ


Ірына: “Я памятаю, гэта было перад тым, як мы пачалі наладжваць драматычныя спэктаклі. Афіша вымагала яксьці назвацца. І я памятаю, што быў такі, сёньняшняй мовай кажучы, мазгавы штурм, калі сабраліся майстроўцы і кожны прапаноўваў сваю назву. Агмень быў, Зьніч быў... А я прапанавала назвацца Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўняй. І на першых нашых рукапісных афішах менавіта такая назва была, доўгая. А пасьля засталося адно слова – Майстроўня.

Вінцуку спадабалася і ён сказаў: усё, гэта тое, што трэба. У той час яго слухаліся вельмі, ён быў нефармальны лідэр.

Мы з нашага курсу, на якім навучалася сто студэнтаў, к 1979-му году, другому курсу, знайшлі адзін аднаго. Сабралася такое кола людзей – Вінцук, Сяржук Запрудзкі, Юрка Зыгмантовіч, Веранічка Надтачэева, Аленка Анісім, Амельчыц у той час.

Калі ўзьнікла ідэя зрабіць сьвята, Каляды, мы проста пашырыліся, мы сталі запрашаць сваіх сяброў, знаёмых. Так, да прыкладу, у мяне здарылася, што я сваіх найбліжэйшых сябровак да гэтай справы прыцягнула: Верачку Лазоўскую, Наташаньку Лазоўскую, Люсю Капітулу, маю сястрычку Ірыну Шульгіну са Слуцку – гэта з роду Басалыгаў. І з маладых мастакоў я таксама многіх ведала.

ГІСТОРЫЯ ІРЫНЫ


Гэта ўсё ідзе ад маёй сям’і. Я вырасла ў сям’і вядомага беларускага графіка Ўладзімера Басалыгі. Гэта мой айчым, але ён мяне гадуе зь пяці гадоў і стаў мне сапраўдным бацькам, маім духоўным бацькам.
У нашым доме часта бываў Уладзімер Караткевіч.
У нашым доме часта бываў Уладзімер Караткевіч і іншыя пісьменьнікі беларускія, таму што бацька мой афармляў кніжкі, аздабляў графічнымі работамі кніжкі і Максіма Танка, і Васіля Віткі, і Ларысы Геніюш. Я чула беларускую гаворку, бацька са мной гаварыў па-беларуску і ў мяне ад сям’і ўзьнікла цікавасьць да беларускай культуры. І таму я, зусім гарадзкая дзяўчына, якая ў асноўным карысталася расейскай мовай, к дзясятай клясе зразумела, што гэта тое, чым я хачу займацца. Што беларуская літаратура, вершы мяне хвалююць незвычайна. Праўда, мне хацелася больш пісаць пра беларускае мастацтва, пра беларускіх мастакоў. Мне здавалася, што пра гэта мала хто ведае. Ну а паколькі мяне не пусьцілі ў Піцер вучыцца на мастацтвазнаўцу, я паступіла на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту”.

Дубавец: Ірына кажа, што вучыцца ў Піцер яе не пусьціў тата, маўляў, бацькі пабаяліся тамтэйшага багемнага асяродзьдзя.

У тыя часы, між іншым, бацькам было прыблізна столькі ж гадоў, колькі майстроўцам сёньня. Тады пра гэта ня думалася, а цяпер, з вышыні часу, я бачу, што яны,
старэйшыя мастакі разбуралі ўсе магчымыя стэрэатыпы пра мастацкую багему
старэйшыя мастакі, разбуралі ўсе магчымыя стэрэатыпы пра мастацкую багему, якой, паводле гэтых стэрэатыпаў, мусілі быць. Яны былі тымі, хто ў сілу абранай прафэсіі атрымаў большую свабоду, чым у грамадзтве татальнага кантролю мелі іншыя. Іх творчасьць часьцяком асацыявалася іншымі, “правільнымі” савецкімі людзьмі, з фрывольнасьцю, а занятак мастака -- ледзьве не з дармаедзтвам. Там, дзе мастакі, пануе распуста!..

КГБ СУПРАЦЬ “БАГЕМЫ”


Аднойчы, калі Ігар Гермянчук вярнуўся ў Майстроўню пасьля гутаркі з гэбістам, мы вузкім колам пастанавілі, што Ігару трэба прыняць прапанову на супрацоўніцтва, стаць тайным агентам КГБ, які б мог сам выпытваць у гэбістаў важную для нас інфармацыю. Ігар хадзіў на гэтыя шматгадзінавыя гутаркі, але так нічога вартага ўвагі й не даведаўся, пакуль урэшце ня кінуў гэты занятак і не разьвітаўся са сваімі куратарамі. Дык вось, адзінае, што мне запомнілася з Ігаравых пераказаў, што гэбісты шукаюць у
Гэбісты шукалі таго, што адпавядала іхным уласным уяўленьням пра мастакоў.
старэйшых мастакоў сьведчаньні распуснага ладу жыцьця. Я тады з усьведамленьнем усёй важнасьці справы паведаміў пра гэта Яўгену Куліку, на што спадар Яўген неяк стомлена ўсьміхнуўся. Маўляў, вядомая рэч. Гэбісты шукалі таго, што адпавядала іхным уласным уяўленьням пра мастакоў. І, мабыць жа, шукалі ня першы раз.

Насамрэч усё было роўна наадварот. Гэта старэйшыя мастакі жылі неяк вельмі правільна. Да свае працы ставіліся па-сялянску грунтоўна. Словам, увасаблялі цьвердзь гэтага жыцьця, ягоную трываласьць і пераемнасьць. Насуперак усім вядомым стэрэатыпам. І дзеці ў іх гадаваліся такія самыя правільныя, адкрытыя й надзейныя. Магчыма, гэта тычылася толькі беларускіх мастакоў, якіх мы ведалі. Магчыма, у іншых усё было інакш. Але тыя правільнасьць і прыстойнасьць цалкам перадалася і Майстроўні. Ці можна Майстроўню хоць нейкім бокам асацыяваць з багемай?

Ірына: “Я лічу, што не. Мы былі настолькі цнатлівыя, настолькі чыстыя, рамантычна ўзьнёслыя дзеці”.

ПАДПОЛЬНАЯ ВЕЧАРЫНА


Дубавец: Яшчэ да Майстроўні Ірына пазнаёмілася з Ігарам Марачкіным, у часе Майстроўні яны пажаніліся і тады ж у іх нарадзілася дачка. І пасьля Майстроўні ўсё, чым яны займаліся, адбывалася ў тым самым майстроўскім рэчышчы. Праўда, якраз у гэтым яны не ўнікальныя. Унікальнай была сытуацыя іхнага знаёмства ўлетку 1980 году на падпольнай вечарыне ў гонар сьпевака Забэйды-Суміцкага. Сам знакаміты тэнар у той час жыў у Празе. Яму споўнілася 80 гадоў.

Ірына: “Мы пазнаёміліся ў майстэрні Віктара Маркаўца на падпольнай вечарыне. Мяне туды ўзяў бацька Ўладзімер Басалыга, якога на гэта натхніў Яўген Кулік. Менавіта Кулік сказаў Басалыгу, што трэба Ірыну запрашаць на нашы спатканьні. Там было багата людзей. Там я ўпершыню пачула плыты са сьпевамі Забэйды-Суміцкага і там упершыню пачула сьпевы Данчыка, першую плыту, якая называлася “Беларусачка”. А ставіў гэтыя пласьцінкі Ягор Марачкін. Мы зь ім перамовіліся толькі напрыканцы вечарыны. Прычым у мяне за сьпінай стаяў мой бацька, за плячыма Ягора стаялі маці і тата. І адзінае, што ён мне сказаў – вось табе тэлефон маёй майстэрні, а ты мне дай свой тэлефон. І я яму хуценька напісала свой тэлефон”.

Дубавец: Гэта важны эпізод з тых, якія прывялі да ўзьнікненьня Майстроўні. Цуд яе нараджэньня атрымаўся з таго, што аднойчы сышліся разам многія выпадковасьці, і калі б хоць адна зь іх ня здарылася, усё магло б пайсьці па-іншаму.

Ігар Марачкін: “У
Ігар Марачкін. Здымак Арцёма Канцавога.
Майстроўню я прыйшоў... шлях быў даволі цікавы. Таму што напачатку я пазнаёміўся з Ірынай сваёй, зь цяперашняй жонкай. Яна вучылася на філфаку разам зь Вінцуком на адным курсе. Але гэта было да Майстроўні. Гэта была вечарына, такая падпольная, закрытая вечарына Забэйды-Суміцкага, якая праходзіла на Дзімітрава ў майстэрні Маркаўца. І там сабралася старая інтэлігенцыя і там упершыню я з Ірынай убачыўся. Мы абмяняліся тэлефонамі. І пасьля гэтага бацька сказаў, што ведае добрага хлопца -- Вінцука Вячорку, ён цікавіцца музыкай, беларускай гісторыяй. І можна было б сустрэцца, нейкія кантакты наладзіць. Такім чынам, я ведаў Ірыну і ведаў Вінцука напачатку”.

Дубавец: Атрымліваецца так: старэйшы Марачкін прыводзіць на падпольную вечарыну свайго сына, а Ўладзімер Басалыга сваю дачку. Тыя знаёмяцца пры бацьках, і старэйшы Марачкін кажа ім пра Вінцука Вячорку, зь якім ён выпадкова сустрэўся ў Менскім джаз-клюбе. І тут аказваецца, што дачка Басалыгі вучыцца разам з гэтым Вячоркам на філфаку. Усё сышлося. У гэтым эпізодзе і зародак Майстроўні, і зародак новай сям’і. А яшчэ – адна простая падказка. Калі вы хочаце, каб ваша справа мела працяг у будучыні, пазнаёмце сваіх дзяцей зь дзецьмі вашых аднадумцаў.

Праз год пасьля вечарыны Забэйды-Суміцкага ў мастэрні Віктара Маркаўца адбылася падпольная вечарына Івана Луцкевіча, куды былі запрошаныя і майстроўцы. Менск, 1981. Ірына Крук у цэнтры.

І ў гэтым эпізодзе, і ў тым, што дзеці старэйшых мастакоў сталі людзьмі беларускай культуры – яшчэ адно сьведчаньне таго, што яны жылі правільна, грунтоўна, па-людзку. Няправільнай, негрунтоўнай і нялюдзкай была сыстэма, якая іхнае жыцьцё атачала, бо сыстэма не прымала іх прынцыпаў і ідэалёгіі.

СТРАШНЫ СОН


Ірына: “Перш чым зайсьці ў майстэрню на Дзімітрава, бацька доўга вадзіў мяне па Ракаўскім прадмесьці, бо быў упэўнены, што за намі ёсьць хвост, што нас адсочваюць. І я ўпершыню зразумела, што беларускай справай займацца ня так і бясьпечна. І калі мы пачыналі сваю дзейнасьць у Майстроўні, я абсалютна разумела, што мы займаемся сур’ёзнай справай. Мае сяброўкі з нашага курсу сказалі мне, што на кожнага з нас – на Вінцука Вячорку, на мяне, на Веранічку – у мянтоўцы ёсьць справа. І яны пра гэта ведаюць ад сваіх хлопцаў-юрыстаў. Таму што філфакаўцы раней жылі сумесна зь юрыстамі. І дзяўчаты многія зь філфаку сябравалі зь юрыстамі. А юрысты працавалі ў гэтых органах, на выездах і так далей.

У той час, калі я наведавала Майстроўню, я разумела, што гэта небясьпечна. Я ведала гэта ад сваіх бацькоў, якія ў той час былі пад наглядам КДБ.

Я не магу сказаць, што не было ніякага страху, бо я абсалютна рэальна разумела, што да мяне падсылаюць людзей, агентаў, я ведала, хто гэта. Гэта былі маладыя людзі, якія са мной знаёміліся, запрашалі на спатканьні. Так што я разумела небясьпеку. І нават адзін раз прысьніла сон, што мы Майстроўняй, пашыраным складам, выйшлі на вуліцы Менску, што мы ідзем па праспэкце,
І раптам даецца загад страляць. І па нас страляюць.
што мы спынілі рух транспарту. І за намі ідзе многа людзей. І раптам узьнікае міліцыя і яны перашкаджаюць нам ісьці. Мы ў вышываных адзеньнях. Гэта не было дзіўна, таму што мы на сьвяты свае выходзілі ў вышываных кашулях і ў андараках і ў спадніцах. І раптам даецца загад страляць. І па нас страляюць. І ў сьне я адчувала, што гэта адбываецца на самай справе”.

МАДЭЛЬКА


Дубавец: На кожнае сваё сьвята майстроўцы і майстроўкі апраналіся ў народныя строі. Прыдумлялі хто што мог і хто як сам сабе тыя строі ўяўляў.

Вэрця Кандраль (Лазоўская): “Вельмі хацелася апранацца ў
Вера Кандраль. Аўтар здымка – Арцём Канцавы.
сапраўднае, у аўтэнтычнае. Першы строй – я купіла купон па парадзе Ірыны Крук і пашыла сабе строй. А потым стала гартаць альбом Раманюка “Беларускі народны строй”, абрала сабе стыль – Ляхавіцкі строй мне вельмі спадабаўся. Годны такі. Стромкі галаўны ўбор, такая падвічка, я сабе яе зрабіла адзін у адзін, і ўжо пад гэтую падвічку я стала і гарсэтку шыць і спадніцу выкладваць гафтамі. Доўга ў тыя савецкія часы шукала, дзе адгафтаваць... На працы, а я ўжо тады працавала ў рэстаўрацыі, я таксама апраналася па-беларуску, у гэты строй, той, што я зрабіла сваімі рукамі. Фартух пашыла, спадніцу. Знайшла вельмі прыгожую кашулю і Юля Лыскова мне давала сваю, яна на Палесьсі набыла. На самыя ўрачыстыя сьвяты. У нас была творчая атмасфэра ў рэстаўрацыі, і калі я зьяўлялася як каралева ў гэтым строі, выклікала фурор. Ніякі іншы строй такой увагі не прыцягваў. І цяпер я яго выкарыстоўваю. Сама нашу і пазычаю, калі просяць дзяўчаткі (адна езьдзіла ў Індыю, ёй трэба было прадстаўляць Беларусь, яна ў мяне пазычала і там вельмі годна выглядала), тут на Купальле я пазычаю...”
Ірына -- мадэлька, 1980.


Дубавец: Ірына Крук у Майстроўні вылучалася найбольш стыльнай вопраткай, бачна было, што ўсё на ёй зроблена прафэсійнай рукою і некустарна.

Ірына: “Справа ў тым, што мама мая -- канструктар-мадэльер. І я зь дзяцінства была мадэлькай. І ў тыя гады, як ты мяне памятаеш, я працавала мадэлькай на подыюмах. У той час узьнікла такая экспэрымэнтальная лябараторыя, якая паводле народных строяў рабіла сучаснае адзеньне. І ў іх я была асноўнай мадэлькай. Для часопісаў нават і для паказаў. І таму адтуль у мяне некаторыя рэчы цікавыя былі. І самае галоўнае, было разуменьне, што гэта прыгожа. Што можна апрануць вышытую кашулю і выглядаць прыгожа, незвычайна. Я насіла гэта з радасьцю.

Я ніколі не была сьпявучым чалавекам. Я так удзячная Майстроўні, што яна навучыла мяне сьпяваць. Гэта такое адкрыцьцё ў маім жыцьці, я ж ужо дарослым чалавекам была. Для мяне адкрылася народная песьня, я люблю яе па сёньняшні дзень. Я вельмі люблю слухаць аўтэнтычныя сьпевы, я іх запісвала, падарожнічала па Беларусі, я запісала сваіх бабак адну і другую – з сваёй сям’і. Песьня для мяне – гэта лекі, выратаваньне душы. І я вельмі сумую па тым, што мы ня можам зараз сабрацца і пасьпяваць для сябе. Я нават спрабавала гэта адрадзіць, зьбірала майстроўцаў і мы некалькі разоў сабраліся, пасьпявалі для сябе, але зразумелі, што нам абавязкова патрэбны лідэр, чалавек з музычнай адукацыяй. Каб нашы сьпевы ўдасканальваліся і прыгажэлі.
Майстроўня сьпявае на хорах Заслаўскае бажніцы, 1982 год. Ірына Крук трэцяя справа.



Палову жыцьця я прапрацавала ў розных музэях. І мне было цікава працаваць. Зьбіраць старыя рэчы. Я любіла вадзіць экскурсіі, працаваць зь людзьмі. Пасьля стварыла клюб беларускай сям’і “Сябрына”. “Сябрына” працавала дзесяць гадоў, гэта вялікі кавалак майго жыцьця. І там мне ўдалося рэалізаваць тыя задумкі, якія мы пачыналі ў Майстроўні. Вечарыны-сустрэчы зь беларускімі бардамі, паэтамі, мастакамі, рэжысэрамі, акторамі, вядучымі тэлевізійных праграм. Многія музыкі ўпершыню выступілі на маіх імпрэзах, маіх вечарынах. Такі гурт як “Рэха” з Андрэем Такіндангам упершыню ў Менску выступіў на канцэрце, які я арганізавала. І многія іншыя артысты ўпершыню сустрэліся зь вялікай аўдыторыяй менавіта ў літаратурнай гасьцёўні “Маладзік”, якую я вяла на працягу дзевяці гадоў. Сямейны клюб “Сябрына” і гасьцёўня “Маладзік” існавалі ў Палацы моладзі ў Менску.
Ірына -- мадэлька, фота ў газэце "Голас Радзімы", 15 кастрычніка 1981 году.

А зараз у мяне вельмі цікавая работа, я працую ў парнаце, зараз гэта ўжо называецца каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, і там я выкладаю беларускую мастацкую культуру.

Мне падабалася, што ў нас была калегіяльнасьць у Майстроўні, што мы прыслухоўваліся адзін да аднаго. Безумоўна, Вінцук быў лідэрам. Яшчэ адным нефармальным, вясёлым камічным лідэрам быў Сяржук Сокалаў-Воюш. Для мяне было важнае слова і Запрудзкага Сяргея. Але мы прымалі рашэньні калегіяльна. Была павага адзін да аднаго. І было такое ўражаньне, што ты робіш важную справу і адказваеш за гэтую справу – ня проста цябе нехта вядзе некуды. І ў кожнага, я думаю, было гэта – што безь цябе не адбудзецца гэтай важнай справы. Не складзецца гэты спэктакль, не адбудзецца сьвята... Так што кожны чалавек быў на ўліку, кожны быў важны.

У майстроўскім паказе "Цара Максіміляна" Ірына выконвала ролю Бабы. Заслаўе, 1981.

Гэты цуд быў падрыхтаваны нашымі папярэднікамі, таму што мы не ўзяліся проста так на голым месцы, усё гэта насілася ў паветры. Усё гэта мы бралі з нашай паэзіі, з выдатных твораў Караткевіча, з паэм Купалы, мы гэта бралі з твораў нашых беларускіх мастакоў, якія наладжвалі ўнікальныя выставы ў той час. Мастакі стваралі ў той час беларускую атмасфэру.

З Майстроўні я вынесла тое, што ня трэба закрывацца ў нейкіх вузкіх суполках. І імкнулася ўсё жыцьцё да гэтага – пашыраць, разьвіваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG