Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты ад Арцёма Дубскага не даходзяць, ліміт званкоў скончыўся


Чаму другі тыдзень не выходзіць на сувязь са сваякамі маладафронтавец Арцём Дубскі? Адвакат Андрэя Бандарэнкі толькі праз месяц атрымаў для вывучэньня пратакол судовага працэсу. У справе Мікалая Аўтуховіча ужо 7 сьведак не прыйшлі на допыты.


Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога “Міжнародная амністыя” была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.
Падчас апошняй сустрэчы з сынам Алена Дубская даведалася, што Арцём Дубскі можа распачаць галадоўку на знак пратэсту супроць ціску, які аказвае на яго адміністрацыя магілёўскай калёніі. Мінула болей за тыдзень, але зьвестак, пачаў сын галадоўку ці не, Алена Дубская ня мае. Лісты Арцёма да яе па-ранейшаму не даходзяць, а тэлефонных званкоў няма, бо скончылася картка.

“Нічога новага ў нас няма. Пасьля таго, як я з’езьдзіла да яго – нічога. Ён тады сказаў, што ў яго скончыўся ліміт званкоў, таму нават ня звоніць. Апошнім разам званіў, дык коратка, ўсяго на тры хвіліны”.

Чаму ў палітвязьня скончыўся ліміт званкоў у тэлефоннай картцы? Алене Дубскай вядома, што ліміт званкоў у тэлефонных картках у вязьняў вельмі малы, а большых памераў набываць не дазваляюць. Арцём Дубскі нават зьбіраў подпісы вязьняў пад лістом да адміністрацыі з просьбай павялічыць памер ліміту званкоў. Неўзабаве на Арцёма сталі ціснуць супрацоўнікі адміністрацыі. Вязень мяркуе, што яго пакаралі карцэрам менавіта за гэтую актыўнасьць. У адміністрацыі Магілёўскай калёніі кажуць, што Арцём Дубскі парушыў правілы унутранага парадку і таму быў пакараны зьмяшчэньнем у ізалятар.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, якога судзілі другі раз, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
Месяц таму актывіст АГП Андрэй Бандарэнка ў выніку паўторнага працэсу быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за крадзеж маёмасьці праз махлярства. Адвакату Зьмітру Лаеўскаму толькі некалькі дзён таму нарэшце выдалі пратакол судовага працэсу, адвакат пачаў падрыхтоўку да разгляду скаргі. Дагэтуль Бандарэнку трымаюць ў менскім сьледчым ізалятары. Гэтым разам, паводле адваката, Бандарэнка не зьбіраецца пісаць заяву на перавод яго у калёнію яшчэ да разгляду скаргі нібыта “каб палепшыць бытавыя умовы”.

“Ён не жадае паўтарэньня таго экспэрымэнту, які быў ў канцы восені-пачатку зімы. Таму будзе тут, нягледзячы на умовы, нягледзячы на ўсё”.

Нагадаю, Андрэя Банадарэнку, калі ён апынуўся ў бабруйскай калёніі адправілі ў карцэр за тое, што ён адмовіўся выконваць патрабаваньні, якія распаўсюджваюцца толькі на асуджаных, між тым як да уступленьня ў сілу прысуду Бандарэнка асуджаным не лічыўся.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дома міліцыянта.
З 16 сакавіка штодня ў Вярхоўным судзе ідзе працэс над Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам, якіх вінавацяць ў падрыхтоўцы тэракту. Таксама на лаве падсудных Міхаіл Казлоў і Аляксандр Ларын. Ужо ідзе допыт сьведак, паралельна вывучаюцца некаторыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы. Назіральнікі адзначаюць, што часам ў судзе гучыць інфармацыя пра няяўку сьведак. Адвакат Павал Сапелка на просьбу пракамэнтаваць падзеі на судзе прапанаваў наведаць працэс.

“Паколькі кожнаму дадзеная магчымасьць пабываць на працэсе, адзнакі даваць лічу немэтазгодным. Кожны хай сам ацэньвае убачанае і пачутае”.
XS
SM
MD
LG