Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ТУМАННА...


...і ветрана, з кароткачасовымі дажджамі. Тэмпэратура: +5 – +11 °С.


НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


У рамках Тыдня сучаснага мастацтва круглы стол “Актуальнае беларускае мастацтва: погляд звонку і знутры” (Менск, Інстытут імя Гётэ, вул. Веры Харужай, 25/3, 11.00).


ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


Другі дзень рэгіянальных выбараў у Італіі.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель – з двухдзённым візытам у Турцыі.

Міністры замежных справаў “вялікай васьмёркі” сустракаюцца ў горадзе Гатыно ў Канадзе.

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі – у Нью-Ёрку.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень памяці герояў на Мадагаскары – 29 сакавіка 1947 году на востраве пачалося паўстаньне супраць францускіх калянізатараў.


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1853 годзе пакінуў гэты сьвет Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар самага першага беларускага часопісу, які называўся “Полацкі штомесячнік” і выйшаў у сьвет у 1818 годзе.

У 1934 годзе савецкія карныя органы прысудзілі да высылкі ў Казахстан Карла Лупіновіча, беларускага сьвятара, аднаго зь лідэраў хрысьціянскага руху. Лупіновіч служыў у касьцёлах Менску і Рэчыцы і паўсюль пераводзіў багаслужбы на беларускую мову. Быў апостальскім адміністратарам у Маскве. Пасьля высланьня ў Казахстан перасьлед айца Лупіновіча ня скончыўся – ён быў прысуджаны да найвышэйшае меры і ў 1937 годзе расстраляны.

Сярод тых, хто нарадзіўся ў гэты дзень у розныя гады, – расейскі цар Аляксей Міхайлавіч, на рахунку якога самая крывавая за ўсю гісторыю вайна на тэрыторыі Беларусі (1654 – 1667), калі быў забіты кожны другі жыхар краіны; савецкі міністар унутраных справаў Лаўрэнцій Берыя, заснавальнік беларускага кінэматографу, рэжысэр Уладзімер Корш-Саблін і беларускі этнограф, фальклярыст і гісторык Майсей Грынблат.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Адбыўся зьезд “Нашай Вясны” (http://www.svaboda.org/content/article/1563991.html).


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Калі б у мяне спыталіся, што ў беларускай гісторыі я лічу найслаўнейшым, а што – самым трагічным, дык на першае пытаньне адразу, бадай, і не знайшоў бы адказу, а на другое сказаў бы без сумневу: вайна 1654 – 1667 гг.” – гісторык Генадзь Сагановіч у кнізе “Невядомая вайна: 1654-1667”.
XS
SM
MD
LG