Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпатэнцыя можа сьведчыць пра небясьпеку інфаркту



Імпатэнцыя азначае для мужчыны большую рызыку перанесьці інфаркт – такую выснову зрабілі нямецкія вучоныя з унівэрсытэту зямлі Саар. Вынікі іх дасьледаваньня апублікаваныя ў часопісе “Circulation”.

Навукоўцы абсьледавалі больш як паўтары тысячы мужчынаў, якія раней перанесьлі сардэчна-судзінныя захворваньні. Як паказаў аналіз, тыя з абсьледаваных, што цярпяць ад імпатэнцыі, маюць удвая большую рызыку разьвіцьця інфаркту. Паводле высновы вучоных, мужчыны-імпатэнты павінны праходзіць праверку на сардэчна-судзінныя захворваньні.

Экспэрты рэкамэндуюць дактаром пры аглядзе мужчынаў, старэйшых за 40 гадоў, абавязкова задаваць пытаньне пра здольнасьць да полавага акту. Імпатэнцыя зьвязаная зь недастатковым кровазваротам у артэрыях полавага члена, нашмат меншых за каранарныя судзіны. Вось жа для мужчыны сталая няздатнасьць да эрэкцыі можа быць знакам таго, што ягоныя артэрыі звужаюцца.

Як вынікае з дасьледаваньня нямецкіх вучоных, мужчыны-імпатэнты на 20% больш за іншых падлягаюць сардэчнай недастатковасьці. Паводле кіраўніка дасьледчай групы з унівэрсытэту зямлі Саар Міхаэля Бёма, мужчыны, што прымаюць лекі ад імпатэнцыі, павінны не забыцца праверыць стан сваіх сэрца і судзінаў. Праведзенае ў Нямеччыне дасьледаваньне чарговым разам пацьвердзіла зьвязанасьць імпатэнцыі з сардэчна-судзіннымі захворваньнямі.
XS
SM
MD
LG