Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 27 – 28 сакавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


З ПРАЯСЬНЕНЬНЯМІ, ЧАСАМ ДОЖДЖ...


Уначы 2 – 10 °С, удзень 9 – 15°С, на поўдні да 17°С.


НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Сьвята “Гуканьне вясны” (27 сакавіка, Менск, пляцоўка побач з Домам-музэем I зьезду РСДРП, 12.00 – 16.00).

Другі этап конкурсу аўтарскай песьні “Купалаўскія вакацыі” (Менск, Дзяржаўны літаратурны музэй Я.Купалы, 15.00).

Тэатральны капусьнік, прымеркаваны да Міжнароднага дня тэатру (27 сакавіка, Менск, Купалаўскі тэатар, 18.00).

Сьвяточны мітынг, прысьвечаны 92-м угодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (27 сакавіка, Нью-Ёрк, 60 United Nations Plaza, NY 10017 (між E 42 і E 43 Street на 1 Avenue, 13.00).

28 сакавіка – Эўропа пераходзіць на летні час: гадзіньнікі трэба пераставіць на 1 гадзіну ўперад.


ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


27 – 28 сакавіка – саміт Лігі арабскіх дзяржаваў у Лібіі.

28 сакавіка – рэгіянальныя выбары ў Італіі.


ЁСЬЦЬ НАГОДА:


27 сакавіка – Міжнародны дзень тэатру.

28 сакавіка – Вербная нядзеля.


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


27 сакавіка 1999 году адбыўся І зьезд беларусаў Расейскай Фэдэрацыі. А праз год, 27 сакавіка 2000 году, у Менску было жорстка разагнанае мірнае шэсьце ў гонар Дня Волі. Улады ўвялі ў цэнтар гораду міліцыю з сабакамі, спэцназ і бронетранспартэры; было арыштавана каля 500 чалавек, многіх зь якіх зьбівалі ў пастарунках.

27 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет нямецкі фізык Вільгелм Рэнтген, дасьледнік беларускай мінуўшчыны Аляксей Сапуноў і беларускі архітэктар Клаўдзі Дуж-Душэўскі.

28 сакавіка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет нямецкі дыплямат і падарожнік Зыгмунд Гербэрштайн, які зрабіў падрабязнае апісаньне сучаснай яму Беларусі XVI стагодзьдзя; беларускі паўстанец Уладзіслаў Борзабагаты, які ў часе паўстаньня Каліноўскага быў камісарам Наваградзкага павету, а потым уцёк ад сьмяротнае кары за мяжу, дзе стаў галоўным лекарам Парыскае камуны; беларускі жывапісец Апалінар Гараўскі, які маляваў цудоўныя краявіды XIX стагодзьдзя; народжаны ў Віцебску сусьветна вядомы мастак Марк Шагал.

28 сакавіка 1971 году ў СССР сышоў з канвэеру першы аўтамабіль “Жыгулі”. За ўзор гэтай машыны, якую ў народзе назвалі “капейкай”, быў узяты італьянскі “Фіят-124”.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 28 сакавіка ў розныя гады, – італьянскі мастак і архітэктар Рафаэль, чэскі пэдагог Ян Амас Коменскі, амэрыканскі палітык Зьбігнеў Бжазінскі і ягоны нямецкі калега Ганс-Георг Вік, які быў кіраўніком місіі АБСЭ ў Беларусі і, дарэчы, нарадзіўся з Бжазінскім у адзін год – 1928-ы.


МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Адной з мэтаў радыё Гавэл лічыць выхаваньне дэмакратычных палітыкаў”


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Няма нічога цяжэйшага, як перавыхаваць чалавека, кепска выхаванага” – Ян Амас Коменскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG