Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылося сьвяткаваньне Дня волі. Акцыя пачалася а 18-й гадзіне на пляцоўцы каля Акадэміі навук і завяршылася лякальнымі шэсьцямі моладзі.

Паводле розных ацэнак, на акцыю каля Акадэміі навук сабралася каля дзьвюх тысячаў чалавек. Яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і расьцяжкі. На самым пачатку стала ясна, што ўлады ня выканалі дадзеныя напярэдадні абяцаньні. Гукаўзмацняльная тэхніка была затрыманая міліцыяй. Начальнік менскай міліцыі Леанід Фармагей зрабіў даволі дзіўную заяву пра тое, што нібыта прыбылі нейкія «дэструктыўна настроеныя элемэнты зь іншай дзяржавы»:

«Пакуль мы іх не знайшлі. Але вядома адно, што яны маюць намер учыніць правакацыю падобную на тую, якая была 3 ліпеня 2008 года. Таму вы, арганізатары гэтага мерапрыемства, павінны разумець, што ўся адказнасьць кладзецца ў тым ліку і на вас. Таму вы павінны паглядзець, хто разам з вамі, хто адкуль і гэтай далей».

Адзін з заяўнікаў акцыі, кіраўнік менскай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч на гэта адказаў:

«У сувязі з тым, што я магу толькі горлам крычаць і гэта пачуюць толькі пяць чалавек разам з вамі, усё, што тут адбудзецца, у выніку канфіскацыі апаратуры маёй, кладзецца на вас. А вы правакацыі вашых саюзьнікаў-расейцаў самі ліквідуйце. Нам ня трэба сьпіхваць свае расейскія сувязі. Гэта вашы хаўрусьнікі па саюзнай дзяржаве, і вы вырашайце зь імі праблемы».

Удзельнікі сьвяткаваньня засталіся на пляцоўцы каля Акадэміі навук, дзе пачаліся выступы палітыкаў — Віктара Шэіна, Алеся Лагвінца, Віталя Рымашэўскага, Уладзімера Някляева ды іншых. У сваім выступе лідэр Партыі БНФ Віктар Янукевіч адзначыў:

«Сапраўдная, сучасная беларуская незалежнасьць пачалася 25 сакавіка ў 1918 годзе. І гэта была сьвядомая воля беларускага народа. На жаль, цяперашні рэжым шануе выключна сувэрэнітэт сваёй улады. Таму ён цураецца ўсяго, што мае сапраўдныя беларускія карані. Апошнім абуральным фактам ёсьць намер уладаў замяніць на новыя ўзоры правоў кіроўцаў, беларускую мову на расейскую. Гэта ганебна і мы павінны гэтаму супраціўляцца. У эканамічнай сфэры тое самае. Улады сёньня праводзяць антынародную палітыку. Мытны саюз цалкам супярэчыць нацыянальным інтарэсам беларусаў».

Спадар Янукевіч заклікаў далучыцца да распачатага сёньня «дабрачыннага месяца нацыянальнай салідарнасьці» па збору сродкаў для хворых беларускіх дзяцей.

Пасьля мітынгу групы моладзі накіраваліся ў розныя бакі. Некалькі дзесяткаў сяброў «Правага альянсу», «Белай волі» і аўтаномныя нацыяналісты накіраваліся дазволеным маршрутам, але не пайшлі на плошчу Бангалор, а завяршылі шэсьце каля ўнівэрсаму «Рыга». Іх суправаджалі спэцназаўцы. Актывісты скандавалі лёзунгі «Спорт, нацыя, патрыятызм!», «Ідэя нацыя, дзяржава!», «За здаровы лад жыцьця!», «Хопіць піць!». У сваім выступе па завяршэньні шэсьця лідэр «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў сказаў:

«Сёньняшняя ўлада павінна зрабіць як мінімум два крокі. Пайсьці на прымірэньне з эмігранцкім урадам БНР. Збудаваць у цэнтры сталіцы манумэнт у імя незалежнасьці краіны. Гэта будзе сьведчаньнем таго, што ўлада адчувае сваю пераемнасьць. Наш шлях толькі наперад. Мы зараз будзем дзейнічаць па прынцыпе пасьляваенных беларускіх партызанаў-нацыяналістаў».

Частка моладзі спрабавала прайсьці несанкцыянаваным маршрутам у бок плошчы Якуба Коласа, але ім перашкодзілі спэцназаўцы. Прадстаўнікі міліцыі заявілі. што дзеяньням дэманстрантаў будзе дадзеная прававая ацэнка.

Падсумоўваючы вынікі акцыі, Віктар Івашкевіч сказаў, што сёньняшняя акцыя ў значнай ступені паўтарыла леташнюю. Адно толькі што ўлады мінулым разам дазволілі пранесьці гукаўзмацняльную тэхніку і цяпер зрабілі «недарэчныя правакацыі з псэўдабомбай»:

«Але з другога боку ня ладзілі такі разгон, як гэта было два гады таму. Гэта дэманстрацыя нейкай няяснай сытуацыі, у якой сёньня знаходзіцца палітыка ўладаў. То яны вядуць дыялёг з Эўропай, то яны павялічваюць рэпрэсіі, а ўрэшце ні тое, ні другое».

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG