Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі застрашваюць апазыцыйнага чальца выбаркаму


Зінаіда Шуміліна

Зінаіда Шуміліна

Сёньня на паседжаньні выбарчай камісіі Быхаўскай акругі № 13, якую ачольвае начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля Станіслаў Чэмезаў, зладзілі «экзэкуцыю» чальцу камісіі ад АГП Зінаідзе Шумілінай. І нават папярэдзілі, што яе могуць выключыць са складу камісіі.

Спадарыня Шуміліна праверыла нядаўна 40 подпісаў, сабраных за «праўладнага» вылучэнца ў абласны савет, начальніка Гомельскага інжынэрнага інстытута МНС Аляксандара Украінца. Падпісныя лісты Шуміліна атрымала ад сакратаркі камісіі Натальлі Сачыловіч.

«Чвэрць правераных мной подпісаў, — кажа Зінаіда Іванаўна, — былі несапраўднымі. У некаторых выпадках жонкі распісваліся за мужоў, бацькі за дзяцей, а даты ставіла асоба, якая зьбірала подпісы. Я склала 8 пратаколаў і перадала ў камісію».

Паводле актывісткі АГП, старшыня Чэмезаў быў вельмі не задаволены, заяўляў, што яна «кампрамэнтуе» камісію.

А сёньня на паседжаньні ўжо супраць Зінаіды Шумілінай агучылі акт «тройкі» — старшыні, намесьніка й сакратаркі. Выглядала, што Шуміліна адмовілася правяраць лісты вылучэнца Філона і «самавольна ўзяла 3 падпісныя лісты на Украінца А.А., якія не былі адабраныя для праверкі, бо былі выключаны і не падлягалі праверцы і ўліку». І наогул, нібыта былі разьмеркаваны абавязкі сярод чальцоў камісіі дзеля праверкі подпісаў — фальшывыя яны ці не?

Для Зінаіды Шумілінай гэта таксама было навіною, хаця яна прысутнічала на паседжаньнях камісіі.

Вынікам «разборак» стала рэгістрацыя Аляксандара Украінца кандыдатам у дэпутаты аблсавету і асуджэньне апазыцыйнага чальца камісіі.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў так пракамэнтаваў інцыдэнт:

«У складзе выбарчых камісій даўно не было прадстаўнікоў апазыцыі, таму яны й прывыклі ўсё рабіць так, як ім трэба. Нашы вылучэнцы імкнуцца працаваць так, каб выбарчае заканадаўства не парушалася. Таму палохаюць і асуджаюць нашых прадстаўнікоў, хочуць паставіць іх на месца, каб не высоўваліся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG