Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рым Гілфанаў: “Новаму прэзыдэнту Татарстану будзе нашмат цяжэй”


Мінцімер Шайміеў і Рустам Мініханаў на цырымоніі ў Казані
Мінцімер Шайміеў і Рустам Мініханаў на цырымоніі ў Казані

У Татарстане ў чацьвер афіцыйна ўведзены на пасаду другі прэзыдэнт рэспублікі Рустам Мініханаў. 12 гадоў Мініханаў быў прэм’ер-міністрам Татарстану. Ягоную кандыдатуру для зацьверджаньня кіраўніком рэспублікі ўнёс у татарскі парлямэнт прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў. Першы прэзыдэнт Татарстану Мінцімер Шайміеў стаяў на чале рэспублікі звыш 20 гадоў.


Пра старога і новага прэзыдэнтаў Татарстану – размова з дырэктарам татарска-башкірскай службы нашага радыё Рымам Гілфанавым.

Бушлякоў: У чым сакрэт палітычнага даўгалецьця Мінцімера Шайміева?

Гілфанаў: Сакрэт, напэўна, у тым, што Шайміеў здолеў уладкаваць палітычнае жыцьцё ў Татарстане такім чынам, што завязаў усе палітычныя і фінансавыя патокі на сваёй асобе і ў выніку стварыў у рэспубліцы такую сыстэму, пры якой вельмі зручна таргавацца з фэдэральным цэнтрам.
Шайміеў забясьпечваў стабільнасьць, неабходныя вынікі для кіроўчых вярхоў у Маскве...


Гэта добра сябе апраўдвала пры прэзыдэнцтве Барыса Ельцына. На першым часе здавалася, што гэта ня будзе працаваць пры Пуціну, але аказалася, што спрацоўвае. Шайміеў забясьпечваў стабільнасьць, неабходныя вынікі для кіроўчых вярхоў у Маскве і за гэта атрымліваў пэўныя прывілеі для сябе.

Бушлякоў: У якой ступені льга было называць Шайміева прэзыдэнтам усіх татараў?

Гілфанаў: Вялікая колькасьць татараў лічыла Шайміева за свайго прэзыдэнта, хоць яны, напрыклад, жывуць у Іркуцкай вобласьці, або ў Маскве, або ў Самарскай вобласьці. Гэта чалавечая заслуга Шайміева, і грунтуецца яна на яго аўтарытэце. Шайміеў за гады свайго кіраваньня здолеў дасягнуць таго, што ў татараў ня толькі ў Татарстане, але й за яго межамі зьявілася гордасьць за тое, што яны татары: урачыста было адзначана тысячагодзьдзе Казані, Татарстан заваяваў права правесьці Ўнівэрсіяду, спартовыя клюбы Казані апошнімі гадамі адзін за адным становяцца чэмпіёнамі... Можна сказаць, што Шайміеў змог вярнуць у нейкай ступені гордасьць быць татарынам...

Бушлякоў: Наколькі моцная была апазыцыя Шайміеву ў гады яго знаходжаньня ля ўлады?

Гілфанаў: Апазыцыі як інстытуту не было. Былі асобы, якія выказвалі розныя погляды на палітычныя працэсы ў Татарстане, – моцныя асобы і ня вельмі моцныя... Шайміеў як звычайны постсавецкі кіраўнік стараўся выкарчоўваць іншадумства. У нейкіх фармальных рэчах ён трымаўся дэмакратычных прынцыпаў. Напрыклад, ніколі ў Татарстане цалкам не забараняліся незалежныя выданьні, дзе і прэзыдэнта крытыкавалі, і яго атачэньне. Але калі зьяўляўся які зародак, што мог у будучыні пагражаць уладзе Шайміева, то былы прэзыдэнт імкнуўся яго выкарчоўваць. У 1998 годзе ў Татарстане быў бунт кіраўнікоў адміністрацыяў – яны хацелі паставіць свайго прэм'ер-міністра, не паслухалі Шайміева... І Шайміеў проста ўсіх, хто быў зьвязаны з гэтаю “змоваю”, звольніў. Шмат хто з тых звольненых ад’ехаў у Маскву.

Бушлякоў: Ці можна лічыць Рустама Мініханава прадаўжальнікам той палітыкі, якую праводзіў Шайміеў?

Гілфанаў: Гэта і новы чалавек, і няновы чалавек. Няновы ў тым сэнсе, што гэта выхаванец Шайміева. З 1998 году ён працаваў прэм'ер-міністрам Татарстану, то бо рэалізоўваў усе тыя ідэі, зь якімі выступаў Шайміеў.

Але, з другога боку, ён новы чалавек, чалавек новага пакаленьня, таму што той стыль працы, мэнэджмэнту, які ён праводзіць у Татарстане, гэта ўжо новы ровень, новыя якасьці. Напрыклад, Рустам Мініханаў адным зь першых у Расеі рэалізаваў праект электроннага ўраду. Ён ужо даўно сам працуе ўвесь час з кампутарам. Ён не сядзіць у кабінэце і не падпісвае папераў, ён усё робіць на хаду – кіраўніцтва ў яго адбываецца з ноўтбука. І ён добра разумее ўсе выклікі што да новых тэхналёгіяў, мадэрнізацыі, залучэньня інвэстыцыяў. Менавіта таму зь яго дапамогаю ў Татарстане стварылі асаблівую эканамічную зону “Алабуга”, адну зь нешматлікіх у Расеі, і многія замежныя кампаніі ўкладаюць туды грошы.
Масква спадзяецца, што Мініханаў будзе больш падатлівы...


Вядома, новаму прэзыдэнту будзе цяжэй, нашмат цяжэй. У яго няма такога аўтарытэту, як у Шайміева. Такі аўтарытэт заваёўваецца гадамі і разьвязаньнем складаных сытуацыяў, якіх у Шайміева было шмат у пару ГКЧП, у пару Ельцына... Мініханаў прыходзіць на ўсё гатовае. У гэтым сэнсе яму будзе цяжэй. І Масква спадзяецца, што Мініханаў будзе больш падатлівы.

На жаль, сытуацыя такая, што прэзыдэнт Татарстану не выбіраецца народам – яго прапаноўвае прэзыдэнт Расеі і зацьвярджае парлямэнт Татарстану. Ровень цэнтралізацыі пры Пуціну дасягнуў такой ступені, што пытаньне, хто будзе прэзыдэнтам Татарстану (а Татарстан жа лічыцца формаю дзяржаўнасьці), вырашаецца ў вялікай ступені ў Маскве.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG