Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Гэтыя гульні праходзілі ў 80-я гады з Савецкім Саюзам


Пэкін гатовы падтрымаць пазыцыю афіцыйнага Менску, калі ў Радзе па правах чалавека ААН будзе разглядацца даклад аб сытуацыі ў Беларусі. Пра гэта заявіў падчас візыту ў Менск намесьнік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін.


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Кітай маюць намер ажыцьцявіць шэраг «магутных інвэстпраектаў». Ён выказаў намер наведаць Кітай зь візытам.

Кітай паабяцаў даць афіцыйнаму Менску ільготны крэдыт у адзін мільярд даляраў на ўзгодненыя паміж бакамі праекты. Таксама кітайскі бок плянуе заключыць кантракты амаль на тры з паловай мільярды даляраў. У знак дружбы кітайская бязвыплатная дапамога Беларусі складзе амаль 9 мільёнаў даляраў. У Менску падпісаныя сем двухбаковых дакумэнтаў аб супрацоўніцтве.

«Мы намерваемся бліжэйшым часам ажыцьцявіць шэраг магутных інвэстпраектаў. І я як прэзыдэнт гарантую поўную падтрымку і захаванасьць кітайскіх капіталаўкладаньняў у беларускай дзяржаве. Мы дамо самыя спрыяльныя ўмовы кітайскім кампаніям».

Камэнтуючы гэтыя дамоўленасьці, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што гэта «непрафэсійнасьць і ідэалягічная лухта», бо Кітай — вельмі прагматычная краіна.

«Тое, што мы будзем браць у іх грошы, крэдыты, азначае, што мы ўлазім у даўгі пад зьвязаныя пагадненьні. Што гэта такое? Звычайна краіны з добрай эканамічнай сытуацыяй і лішкам капіталаў зьвяртаюцца да краінаў з праблемнымі ўрадамі і прапануюць зьвязаныя крэдыты.
Тое, што мы будзем браць у іх грошы, крэдыты, азначае, што мы ўлазім у даўгі пад зьвязаныя пагадненьні.
Вам даюць мільярд даляраў, як Кітай, і кажуць, што на гэтыя грошы можна купіць кітайскія кампутары, боты, абсталяваньне і гэтак далей.То бок Кітай забясьпечвае збыт сваёй прадукцыі. Яны кажуць, што дадуць яшчэ мільярд. Пытаньне ў тым — чым аддаваць? Трэба будзе прадаваць свае тавары, але не ў Кітай, а ў іншыя краіны, каб зарабіць і аддаць мільярд даляраў. Гэтыя гульні праходзілі ў 80-я гады з Савецкім Саюзам. На зьвязаных крэдытах многія пагарэлі, уключаючы беларускія калгасы».

Падчас сустрэчаў у Менску бакі выказалі задаволенасьць сумеснай дзейнасьцю на міжнароднай арэне і падабенствам пазыцый па асноўных пытаньнях. Лукашэнка адзначыў, што бакі аднолькава не прымаюць «ціску і ўмяшаньня звонку» і ўпэўнена ідуць шляхам «умацаваньня стратэгічнага партнэрства». Сі Цзіньпін выказаўся за шчыльнейшую каардынацыю зьнешнепалітычных пазыцый. Зыходзячы з гэтага, Пэкін гатовы падтрымаць пазыцыю Беларусі пры разглядзе ў Радзе па правах чалавека ААН дакладу аб сытуацыі ў Беларусі. Лукашэнка заявіў, што Сі Цзіньпін прыехаў «ня проста ў сяброўскую краіну, а практычна на сваю радзіму». Камэнтуючы заявы кітайскага прадстаўніка, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў:

«У ААН заўсёды падтрымлівалі Беларусь краіны, якія зьяўляюцца таксама аб’ектам крытыкі з боку міжнароднай супольнасьці адносна правоў чалавека. Гэта ў тым ліку і Кітай, і Іран, і Мазамбік, і Куба, шэраг арабскіх краінаў. Міжнародныя арганізацыі вельмі жорстка крытыкуюць сытуацыю з правамі чалавека ў Кітаі. У тым ліку гэта праблема палітычнага перасьледу дысыдэнтаў у Кітаі, гэта фактычна адсутнасьць свабоды сходаў, асацыяцыяў, праблема сьмяротнага пакараньня, бо Кітай — лідэр у сьвеце па колькасьці сьмяротных прысудаў».

Сёньня Сі Цзіньпін правёў шэраг сустрэчаў у Нацыянальным сходзе Беларусі. Дасягнутая дамоўленасьць пра візыт найбліжэйшым часам у Менск старшыні Сталага камітэту Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банго.
XS
SM
MD
LG