Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў сядзібе БНФ адбылася жалобная цырымонія разьвітаньня з выдатным пісьменьнікам, журналістам, грамадзкім дзеячам Кастусём Тарасавым. Ён памёр некалькі дзён таму на 70-м годзе жыцьця.

Паніхіду вёў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

Літаратуразнаўца, перакладчык, палітык Лявон Баршчэўскі зьвярнуў увагу, што вестка пра сьмерць аднаго з найбуйнейшых пісьменьнікаў-патрыётаў, які ў сваіх аповесьцях, раманах, апавяданьнях, эсэ глыбока і драматычна адлюстроўваў гісторыю Беларусі, прыйшла ў дзень памяці Кастуся Каліноўскага, а разьвітаньне адбылося ў Дзень Волі.

Пісьменьнік Леанід Дайнека назваў яшчэ адно сымбалічнае супадзеньне — культавая для некалькіх пакаленьняў кніга Кастуся Тарасава «Памяць пра легенды» выйшла ў той самы год, калі памёр Уладзімер Караткевіч. Думку, што Тарасаў годна працягнуў справу Караткевіча, выказаў у сваім выступе рэжысэр Валеры Мазынскі. А доктар філялягічных навук Арсень Ліс выказаў перакананьне, што творы Кастуся Тарасава будуць вывучацца ў школах, унівэрсытэтах, яны будуць экранізавацца.

Вінцук Вячорка — мовазнаўца, палітык, супрацоўнік часопіса «Спадчына», у якім шмат гадоў працаваў нябожчык, — падкрэсьліў, што Кастусь Тарасаў, карэнны мянчук, пачынаў пісаць па-расейску і авалодаў беларускай мовай, стаў пісаць на ёй толькі ў сталым узросьце, і тым самым даў прыклад мільёнам беларусаў.

На цырымоніі выступілі таксама сябра нябожчыка, мовазнаўца, Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Беларусь Пётра Садоўскі, старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябры дзяцінства і юнацтва пісьменьніка.

Цела Кастуся Тарасава было крэміравана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG