Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў войску і за кратамі


Сёньня — Дзень Волі. Ці адзначаюць гэтае сьвята, дый наагул нацыянальныя беларускія сьвяты, у войску, ці сьвяткуюць палітзьняволеныя?

У цяперашніх вайскоўцаў — Франка Вячоркі, Зьмітра Хведарука, Віталя Каратыша — няма мабільных тэлефонаў, зьвязацца зь імі цяжка. Таму апытваць давялося тых хлопцаў, што ўжо вярнуліся з войска. Маладафронтавец Алесь Каліта паўтара года адслужыў у войсках супрацьпаветранай абароны:

Алесь Каліта
«Магчымасьці сьвяткаваць у звычайным нацыяналістычным разуменьні ў войску не было — Дзень незалежнасьці 25 сакавіка, ці Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасьня. Гэтыя дні былі звычайнымі працоўнымі днямі, і таму мы выконвалі тыя ж задачы, што і штодня. Аднак адчуваньне сьвята ў мяне асабіста было, таму што і напярэдадні 25 сакавіка, і ў дзень сьвята я атрымліваў вельмі шмат віншавальных лістоў ад сяброў. І ня толькі зь Беларусі, але і, што мяне вельмі ўразіла , — з замежжа, ад Зьвязу беларусаў Амэрыкі, з Канады».

Іван Шыла адслужыў 10 месяцаў у зэнітна-ракетнай брыгадзе. Як і Алесь Каліта, ён распавёў, што ў душы асабіста адчуваў сьвята, а вось агульнага сьвяткаваньня не было:

Іван Шыла
«Калі гаварыць пра сьвяткаваньне на афіцыйным узроўні, публічнае сьвяткаваньне, то, канечне, такіх магчымасьцяў не існуе. Бо нацыянальныя сьвяты ня лічацца дзяржаўнымі. Калі яны ня лічацца дзяржаўнымі, то гэта ня проста забараняецца ў войску, але яшчэ можна і панесьці пэўную адказнасьць. Тым больш, калі нацыянальныя сьвяты сёньня асацыююцца з тымі сьвятамі, якія забароненыя. І прыцягваюцца да адказнасьці людзі, ня толькі калі яны сьвяткуюць у такіх умовах, як вайсковая служба, але і проста ў Беларусі, у гэтай краіне. Таму сьвяткаваньня ў войску не было».

Палітзьняволеныя за кратамі таксама ня могуць сьвяткаваць паўнавартасна. Але 4 гады таму, у сакавіку 2006 году, калі пасьля разгону намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы больш за 500 чалавек апынуліся за кратамі — на Акрэсьціна, у Жодзіне, у іншых турмах — яны адзначалі Дзень Волі. Распавядае Валянціна Палевікова:

Валянціна Палевікова
«Мы сьвяткавалі як сапраўдныя жанчыны — пратэставалі супраць шэрасьці ў нашай камэры. Мы цудоўна, так бы мовіць, абставілі свой пакойчык. З усяго, што можна, з розных паперак зрабілі сабе ўтулак, фіранкі на вокны, упрыгожылі камэру кветкамі, плякатамі. Так мы сьвяткавалі ў камэры Дзень Волі. І самае галоўнае, нам нават здавалася, што да нас прыйшлі нашы сябры, Мы чулі, што каля турмы сабраліся людзі і яны разам з намі сьвяткуюць».

Такім чынам, калі чалавек — сапраўдны беларус, патрыёт, ён у самых неверагодных умовах адзначыць сьвята, кажа Валянціна Палевікова. Сьвята павінна быць у душы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG