Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Колькі радасьці вы даставіце Ярмошынай!”


Сьвяткаваньне Дня Волі, падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


25 сакавіка — Дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. 92 гады таму беларусы абвясьцілі пра стварэньне ўласнай дзяржавы. Да Дня Волі — віншаваньні слухачоў:

Мікалай, Валожыншчына: “Віншую калектыў Радыё Свабода і слухачоў радыё з галоўным нашым сьвятам — Днём Волі! Зычу здароўя і плёну ў працы на карысьць нашай Бацькаўшчыны”.

Спадарыня: “Ад сябе асабіста, а таксама ад многіх людзей сталага веку са свайго атачэньня ад сэрца хачу павіншаваць з Днём Волі, з Днём Бацькаўшчыны Франка Вячорку, Зьмітра Хведарука і іншых маладых людзей, незаконна забраных у войска, гэтых нястомных і нязломных змагароў за свабоду і шчасьце Айчыны. Менавіта такой моладзі Рыгор Барадулін прысьвяціў наступныя радкі:

Люблю Беларусь! — То ўзаемна!
Пароль Каліноўскага, споведзь і ўздых.
Калі Беларусі турэмна, стараецца вораг дарэмна
Прымусіць пакорнымі быць маладых.
Жыве Беларусь! Санцавіта лунацьмуць
Купалавы словы ў вяках.
Жыві, маладая эліта,
Табою свабода абжыта,
Ускрэснуць далоні твае на цьвіках”.


Ганна: “Віншую грамадзян Беларусі з найвялікшым сьвятам — Днём Волі! Наконт выбараў зьвяртаюся да тых кандыдатаў ад апазыцыі, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у гэтым фарсе, які ўлада называе выбарамі. Стаўлю некалькі пытаньняў: Апазыцыю дапускаюць да СМІ? Дадуць выступіць у прамым эфіры? Апазыцыі дадуць удзельнічаць пры падліку галасоў? Для сустрэчы з выбаршчыкамі дадуць памяшканьне — ці пад дажджом? Журналісты БТ перасталі абражаць апазыцыю? А колькі радасьці вы даставіце Ярмошынай, калі яна пасьля выбараў зьявіцца на БТ і скажа: народ за апазыцыю не галасуе!”

На пытаньне адказвае адзін з сустаршыняў стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі:

“Я таксама віншую слухачоў Радыё Свабода з гэтым сьвятам. 25 сакавіка — гэта сьвяты дзень для кожнага беларуса, і дзякую спадарыні за віншаваньне. Па-другое, хачу сказаць, што БХД у фарсе ўдзельнічаць ня будзе. Мы будзем удзельнічаць у змаганьні. І гэтая перадвыбарчая кампанія — толькі адзін з крокаў да гэтага змаганьня, якое мы вядзем усур’ёз”.

У працяг тэмы выбараў яшчэ адно пытаньне:

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “У мяне ёсьць пытаньне. Калі ласка, растлумачце мне, чаму для адных грамадзян Беларусі маецца папярэдняе галасаваньне, а для іншых галасаваньне адбываецца толькі ў адзін дзень? Растлумачце мне гэты пункт закону”.

Адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

“Фармальна, паводле закону — усе грамадзяне маюць аднолькавыя правы. Іншая рэч, што вельмі часта ўлады выкарыстоўваюць гэта ў сваіх мэтах. Мы, канечне, гэта крытыкуем. Бо ў такой форме, як гэта ёсьць, яно не павінна быць”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG