Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марчук хацеў атрымаць “дзіцячага Нобэля”


24 сакавіка стала вядома імя ляўрэата міжнароднай літаратурнай прэміі памяці Астрыд Ліндгрэн. На гэтую прэмію могуць намінавацца пісьменьнікі, паэты, мастакі, артысты, чые працы адлюстроўваюць дух Астрыд Ліндгрэн. Сёлета на прэмію Астрыд Ліндгрэн былі намінаваныя 167 аўтараў з 60 краінаў сьвету, у тым ліку і прадстаўнік Беларусі.


24 сакавіка ўвечары стала вядома, што прэмію атрымала пісьменьніца і мастак-ілюстратар з Бэльгіі Кіці Кроўтэр. Яе творчасьць, паводле меркаваньня міжнароднага журы, “прасякнута гуманізмам і спагадай”. Кіці Кроўтэр – аўтарка і ілюстратар каля 35 кніг.

Гэтая прэстыжная прэмія – за дасягненьні ў дзіцячай літаратуры, заснаваная ўрадам Швэцыі ў 2002 годзе пасьля сьмерці пісьменьніцы. Паводле памеру ўзнагароджаньня прэмія займае другое месца ў сьвеце – каля 500 тысяч эўра. У журы – 20 чалавек – аўтарытэтныя літаратары, крытыкі, мастакі, бібліятэкары, літаратуразнаўцы. У журы ўваходзіць і ўнучка Астрыд Ліндгрэн Аніка. Узнагароду пераможца атрымлівае з рук прынцэсы Вікторыі.

З сайту прэміі мы даведаліся, што ў сьпісе намінантаў быў і прадстаўнік Беларусі – намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Георгі Марчук. З самім намінантам зьвязацца сёньня не ўдалося – у Саюзе пісьменьнікаў Беларусі было паседжаньне прэзыдыюму, тэлефоны не адказвалі. Увечары па мабільнаму тэлефону мы зьвязаліся толькі са старшынём Саюзу Мікалаем Чаргінцом, які быў зьдзіўлены маім пытаньнем:

“Якая прэмія, як вы яе назвалі? Ня ведаю, ня ведаю, гэта трэба высьветліць. Ня чуў, скажу шчыра”.

Мікалай Іванавіч распавёў, што нядаўна сустракаўся са сваяком Астрыд Ліндгрэн, швэдзкім парлямэнтаром, а вось пра вылучэньне Георгія Марчука ён нічога ня ведае.

Літаратар Міхась Скобла не зьдзівіўся, што ў сьпісе намінантаў – імя Георгія Марчука. Ён выказаў меркаваньне, што спадар Марчук мог сам сябе вылучыць, і распавёў такую гісторыю:

Міхась Скобла
“Ён прыслаў у Давід-гарадоцкі гарсавет такую паперу: “Дарагія землякі! Прашу мяне як выдатнага пісьменьніка ХХ стагодзьдзя і вашага земляка вылучыць на Нобэлеўскую прэмію”. Гэта мне расказвалі ў Давід-Гарадку дэпутаты гэтага гарсавету. Так што ў чалавека нейкі пункцік наконт прэміяў. Думаю, што і з прэміяй Астрыд Ліндгрэн тут ўсё нячыста. Але, наколькі мне вядома, ніякімі выбітнымі творамі ў дзіцячай літаратуры Марчук не вызначаўся. Ніколі ён сур’ёзна не працаваў у гэтым жанры дзіцячым”.

Кандыдат філялягічных навук Аляксандар Фядута выказаў такое меркаваньне:

Аляксандар Фядута
“Прысуджаюць яе, як гэта зацьверджана Статутам гэтай узнагароды, людзям, якія зрабілі нешта выбітнае для дзяцей і юнацтва. І гэта сапраўды вельмі прэстыжная прэмія. Зразумела, гэта ня можа яшчэ ісьці ў параўнаньне, напрыклад, з прэміяй імя Андэрсана, якую звычайна называюць “дзіцячым Нобэлем”, але гэта вельмі прэстыжная прэстыжна. На жаль, я ня ведаю сёньня ніводнага беларускага дзеяча культуры, які мог бы прэтэндаваць на такую прэмію. Калісьці быў Янка Маўр, быў у кінематографе Леанід Нячаеў. Ну а сёньня ... ня ведаю, я вельмі скептычна стаўлюся да шанцаў Георгія Марчука”.

Георгі Марчук піша творы для дзяцей, у тым ліку і казкі. Выдаў зборнікі казак “Дзікая груша”, “Несьцерка”. Але літаратурных прэміяў за іх пакуль не атрымліваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG