Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкім валянтэркам дэпартацыя не пагражае


Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес
Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес

Аддзел грамадзянства й міграцыі Ленінскага раёну Магілёва адмяніў паўторны допыт дзьвюх нямецкіх валянтэрак, якім ўчора пагражалі дэпартацыяй. Сёньня Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес меліся а дзесятай гадзіне раніцы прыйсьці ў аддзел.


Паводле Сюзаны Паўль, учора позна ўвечары патэлефанаваў супрацоўнік аддзелу й паведаміў, што прыходзіць сёньня ня трэба.

“Ён патлумачыў, што яны будуць вырашаць, што рабіць далей з тым пратаколам, які мы ўчора не падпісалі. Калі будзе неабходнасьць нас выклічуць дадаткова. Калі гэта будзе -- заўтра, альбо ў іншы які дзень невядома. Ад аўторка я застаюся ў Магілёве адна, бо мая каляжанка Зольвай Шорыес зьяжджае, у яе скончыўся тэрмін валянтэрства. Я ж яшчэ прабуду месяц. Дэпартацыя нібыта ўжо нам не пагражае”, - паведаміла “Свабодзе” Сюзана Паўль.

Учора валянтэрак пратрымалі ў міліцыі тры з паловай гадзіны. Спачатку іх вінавацілі ў тым, што яны без дазволу наведвалі навучальныя ўстановы ў Магілёве й гутарылі там з моладзьдзю, а потым абвінавачваньне нечакана зьмянілі на парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Беларусі.

У валянтэрак забралі пашпарты.

У міліцыю валянтэрак выклікалі позвай 23 сакавіка. У гэты дзень двое супрацоўнікаў, як кажуць дзяўчаты, невядомай ім арганізацыі са здымачнай групай наведалася ў фонд, дзе яны працуюць. Двое мужчынаў дамагаліся, каб немкі адказвалі на іх пытаньні пры ўключанай камэры. Калі гэтага не ўдалося дасягнуць, ім выпісалі позву ў міліцыю.

У Магілёў валянтэркі прыехалі 5 месяцаў таму ад няўрадавай нямецкай арганізацыі “Нямецка-рускі абмен” (DRA). Яны працуюць у дабрачынным фондзе “Блакітныя берагі”. Ён апякуецца дзецьмі-інвалідамі. Зь імі й займаюцца маладыя немкі. У вольны час яны насамрэч сустракаюцца са студэнтамі, сваімі магілёўскімі аднагодкамі. Сюзане Паўль 23 гады, Зольвай Шорыес -- 20.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG