Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Коўне ўшанавалі стваральніка бел-чырвона-белага сьцяга


Мэмарыяльная дошка на доме ў Глыбокім, дзе нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі, 24 сакавіка 2008 году
Мэмарыяльная дошка на доме ў Глыбокім, дзе нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі, 24 сакавіка 2008 году

У Літве з нагоды 92-х угодкаў БНР пачаліся імпрэзы, прысьвечаныя Дню Волі. Апрача традыцыйных мерапрыемстваў, зьвязаных з памяцьцю аб віленскіх старонках у гісторыі БНР, сёлета актывісты правялі імпрэзы ў Коўне, дзе ўзгадалі ковенскіх дзеячоў БНР, Вацлава Ластоўскага і Клаўдзіюша Дуж-Душэўскага, дыплямата, аўтара эскіза бел-чырвона-белага сьцяга.


Сёлета імпрэзы з нагоды Дня Волі пачаліся напярэдані 25 сакавіка ў Коўне, якое да другой сусьветнай вайны было сталіцай незалежнай Літвы. 24 саквіка ва ўнівэрсытэце імя Вітаўта Вялікага прайшла дыскусія «Чаму беларусы не сьвяткуюць 25 сакавіка?» з удзелам прадстаўнікоў Эўрапейскага гуманітарнага і Гарадзенскага ўнівэрсытэтаў.

Моладзевыя актывісты, студэнты сёлета нагадалі пра ковенскія старонкі гісторыі БНР і яе дзеячоў. У Літве склаўся сваеасаблівы культ віленскай гісторыі, віленскіх дзеячоў, заўважае новаабраны старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юрась Юркевіч, ён заклікае вяртаць памяць пра Коўна і яго дзеячоў, такіх як, Вацлаў Ластоўскі і выбітны дыплямат БНР Клаўдзіюш Дуж-Душэўскі (1891–1959):

«Ня трэба на гэта забывацца, бо ёсьць адна важная рэч наконт гісторыі БНР, як і наогул нашай гісторыі палітыкі: у нас шмат было дзеячоў у белых кашулях у Беларускай Народнай Рэспубліцы, якія шмат гаварылі, мелі шмат выступаў, але не так шмат чаго рабілі. І вось як раз Дуж-Душэўскі — гэта чалавек, які шмат чаго дасягнуў. У яго ёсьць канкрэтныя дыпляматычныя посьпехі, за якія яго можна шанаваць. Ён сапраўды меў прызнаньне, як я чытаў з успамінаў міністра замежных спраў, напрыклад, якія захоўваюца у Нацыянальным архіве Эстоніі, што Дуж-Душэўскі пакідаў аб сабе настолькі прыстойнае ўражаньне, што зьнікалі ўсе сумневы наконт Беларускай Народнай Рэспублікі».

Юрась Юркевіч адзначыў, што менавіта дзякуючы Дуж-Душэўскаму незалежнасьць БНР была прызнаная Эстоніяй і Фінляндыяй, і ў Таліне была адкрытая амбасада БНР, гэтаксама Эстонія падтрымлівала грашыма асобны атрад БНР на чале з Булак-Булаховічам.

Разам зь беларусамі Літвы напярэдадні сьвята магілу Дуж-Душэўскага ў Коўне наведалі актывісты «Беларускай Нацыянальнай памяці» з Польшчы. Дзякуючы ім на створанай БНП інтэрактыўнай мапе «Беларускія кропкі ў Эўропе» зьявяцца дакладныя каардынаты беларускіх памятных месцаў у Коўне, у тым ліку фактычна забытая магіла выбітнага дыплямата і стваральніка бел-чырвона-белага сьцяга. Анатоль Міхнавец:

«Гэта постаць гістарычная, чалавек, які актуалізаваў бел-чырвона-белы сьцяг у 1918-м годзе, і, на жаль, забытая. Адшукалі (нам сказалі, дзе яна знаходзіцца) магілу, запалілі там сьвечкі, прачыталі малітву. Памяць пра нашых герояў, пра змагароў павінна жыць, тады будзе жыць нашая гісторыя, будзе жыць нашая краіна, нашая нацыя, тады мы і будзем мець нарэшце нармальную дзяржаву. І будзем гаспадарамі на сваёй зямлі».

У Вільні у гэты ж самы дзень, 24 сакавіка, актывісты віленскіх беларускіх арганізацый ушанавалі памяць братоў Луцкевічаў, Антона і Івана, пахаваных на Літарацкай горцы на могілках Росы. Сьвяточныя імпрэзы ў Літве з нагоды Дня Волі будуць працягвацца да канца тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG