Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка з кітайцам — браты навек


Кітайскі сьцяг
Кітайскі сьцяг

Аляксандар Лукашэнка працягвае міжнародныя кантактаваньні на вышэйшым узроўні. Пасьля перамоваў з прэзыдэнтамі Вэнэсуэлы і Бразыліі сёньня ў Менску ён прымаў намесьніка старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна — па сутнасьці, другую асобу ў апараце кіраўніцтва КНР. На якіх пазыцыях у двухбаковым супрацоўніцтве асабліва акцэнтаваны беларускі бок?

Апроч перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, цягам двух дзён знаходжаньня ў Беларусі Сі Цзіньпін мае сустрэцца з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім, старшынёй Савету Рэспублікі Барысам Батурам, намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерыем Івановым, кіраўніком Нацбанку Пятром Пракаповічам ды іншымі ўрадавымі чыноўнікамі.

У якасьці аднаго з прыкладаў інвэстыцыйнага супрацоўніцтва ўжо зараз называюцца праект будаўніцтва з удзелам кітайскага боку шматкватэрных дамоў у менскім мікрараёне Лябяжы, гатэлю «Пэкін», а таксама рэканструкцыя цэнтральнага стадыёну «Дынама». Беларускія чыноўнікі кажуць, што кітайскія будаўнікі ўжо бралі ўдзел ва ўзьвядзеньні спартовага комплексу «Менск-Арэна», дзе атрымалі неабходны будаўнічы досьвед.

Аналітыкі, праўда, пры гэтым зьвяртаюць увагу на пэўны парадокс. У Вэнэсуэле Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сіламі беларускіх будаўнікоў у гэтай краіне будуць узьведзеныя новыя мікрараёны, жыльлё для вайскоўцаў, а таксама прамысловыя аб’екты. А вось будаваць дамы ў Беларусі будуць чамусьці кітайцы.

Сяргей Балыкін
Эканаміст Сяргей Балыкін лічыць: не выпадае спадзявацца, што Кітай аўтаматычна можа замяніць у якасьці «эканамічнага донара» Расею, якая цягам доўгіх гадоў фактычна ўтрымлівала эканоміку Беларусі. На яго думку, кітайскія інвэстары калі і скіруюцца ў Беларусь, то толькі дзеля таго, каб у бліжэйшай пэрспэктыве «адбіць» свае ўкладаньні:

«Донарам Кітай ня будзе, кітайцы нідзе і ніколі донарамі не былі. Кітайцы -вельмі прагматычная нацыя, таму яны тут аб’ектыўна нешта хочуць атрымаць, хочуць зарабіць. Але так проста грошай не дадуць, яны вельмі добрыя бізнэсоўцы. І нават кітайскае чынавенства — гэта надзвычай прасунутыя бізнэсоўцы, бо ў іх свой сацыялізм, прагматычны. Цяжка казаць, што насамрэч за ўсім гэтым стаіць, бо, магчыма, тут для нашай улады больш палітыкі, чым эканомікі. На жаль, у нашай краіне ўсё гэта робіцца непразрыста. Мы ня ведаем добра, што там насамрэч адбываецца. Але ж увогуле вельмі кепска тое, што спадар Лукашэнка, прэзыдэнт дзяржавы, займаецца такімі пытаньнямі. Прыкладам, пытаньне забудовы Менску і сталічнага асяродзьдзя — гэта цалкам кампэтэнцыя мясцовых уладаў, гэта не прэзыдэнцкі ўзровень. І адбываецца, як у тым анэкдоце — нават бульбу безь мяне ня могуць перабраць».

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць пашырэньня супрацоўніцтва з Кітаем па ўсіх кірунках, пачынаючы ад вытворчасьці сельгастэхнікі і заканчваючы будаўніцтвам беларускай АЭС. Праўда, ці азначае гэта, што Кітай нейкім чынам гатовы замясьціць Расею — ён не ўдакладніў. Паводле ягоных слоў, цяпер у Беларусі з дапамогай Кітаю рэалізуецца інвэстыцыйных праектаў больш чым на 1 мільярд даляраў, яшчэ 1,5 мільярда «чакаюць свайго часу».

Леанід Злотнікаў
Аднак эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што наўрад ці беларускія ўлады здолеюць «разбагацець», прыцягваючы кітайскія ўкладаньні. На яго думку, адсутнасьць добра пралічаных эфэктыўных праектаў робіць інвэстыцыйныя высілкі збольшага марнымі:

«У нас ужо ёсьць кітайская крэдытная лінія на некалькі мільярдаў даляраў, якая амаль не выкарыстоўваецца. Дзясяткі ці, можа, сотня-другая мільёнаў даляраў — дый толькі. Чаму? Таму што няма эфэктыўных праектаў. А калі няма эфэктыўных праектаў, тады зноў бярэцца крэдыт, які, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстаны неэфэктыўна. І на самой справе гэта дрэнна, бо ў наступныя гады за гэта давядзецца расплачвацца, магчыма, ужо новым уладам. Калі б мы ведалі, што ёсьць эфэктыўны праект ці сукупнасьць праектаў і мы бяром мільярды даляраў, каб іх рэалізаваць, то гэта было б нядрэнна. Але на гэты момант я нешта ня бачу такіх эфэктыўных праектаў. Бо калі пусьціць гэтыя грошы на будаўніцтва спартовых аб’ектаў ці гатэляў, альбо нават на будаўніцтва жыльля, то ўсё роўна гэта неэфэктыўна будзе зараз выдаткоўвацца».

Між тым, як падаюць афіцыйныя СМІ, кіраўніцтва КНР «высока ацаніла» антыкрызісную палітыку Беларусі, пры якой удалося захаваць палітычную стабільнасьць, эканамічны рост і ўзровень дабрабыту людзей. Апроч таго, Сі Цзіньпін назваў Лукашэнку «вялікім сябрам кітайскага народу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG