Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл у Беларусі рыхтуецца да Вялікадня і бароніць спадчыну


Каталіцкі касьцёл у Беларусі рыхтуецца да аднаго з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў — Уваскрашэньня Хрыстовага. Сёлетнія велікодныя ўрачыстасьці супадаюць з намаганьнямі кіраўніцтва касьцёлу абараніць нацыянальную гістарычную спадчыну — комплекс кляштара бэрнардынцаў у Менску.


Адна з адметнасьцяў сёлетніх урачыстасьцяў з нагоды сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага — тая, што вернікі-хрысьціяне адзначаюць Вялікдзень разам. Ужо ў бліжэйшыя выходныя праваслаўныя, пратэстанты і каталікі будуць сустракаць Вербную альбо Пальмавую нядзелю, падкрэсьліў мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

Тадэвуш Кандрусевіч
“У гэтым годзе Пальмавая нядзеля вельмі ўрачыстая будзе. Напэўна, плошча Свабоды і ўся гэтая вуліца будзе вялікім базарам пальмаў-вербаў. Бо сёлета каталіцкі касьцёл і праваслаўная царква разам сьвяткуюць. Ну, і традыцыйна ў нас будзе восьлік — запрашаем паглядзець. “Езус Хрыстус”, якога бралі да войска, вярнуўся жывы-здаровы і будзе браць удзел — летась іншы быў”.

Аднак сёлетнія велікодныя ўрачыстасьці супадаюць таксама з падзеямі вакол менскага комплексу кляштара бэрнардынцаў, які гарадзкія ўлады рыхтуюць для перабудовы ў гатэльны комплекс. Як паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч, днямі ён атрымаў адказ ад кіраўніцтва КУП “Мінская спадчына” на свой пісьмовы пратэст супраць гэтых плянаў:

“Я не задаволены гэтым адказам. Тут шмат гаворыцца пра тое, што былі праведзеныя сустрэчы, разглядалі гэтую праблему, але нас туды ніхто ніколі не запрашаў. І мяне вельмі ўразілі словы, якія тут напісаныя: што гэта ня толькі рэстаўрацыя, але таксама рэканструкцыя. Што значыць рэканструкцыя? Гэта значыць, што гэтага будынка ніхто не пазнае. Гэта самы стары будынак, які знаходзіцца ў Менску. Іх некалькі — толькі на пальцах пералічыць. І сёньня, калі ўвесь сьвет так моцна клапоціцца пра тое, каб захаваць спадчыну, “Мінская спадчына”, якая павінна захоўваць спадчыну, яе разбурае”.

Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсьліў, што не жадае ствараць неардынарную сытуацыю, але выкарыстае ўсе магчымыя шляхі, каб вырашыць гэтую праблему.

Мітрапаліт таксама паведаміў, што ў чэрвені Беларусь наведае прадстаўнік Папы рымскага з нагоды сьвяткаваньня 300-годзьдзя кансэкрацыі (асьвячэньня) архікатэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску.



Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама паведаміў, што паводле дамовы аб супрацоўніцтве Беларусі з Мальтыйскім ордэнам, падпісанай летась падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, у Беларусь паступіла першая партыя дабрачыннага грузу для навучальных устаноў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG