Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давер да ўлады зьнік у паводцы


Фота Міхаіла Васільева

Фота Міхаіла Васільева

Заўтра ў Беларусі завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Паводле Цэнтравыбаркаму, усяго прэтэндэнтамі ў кандыдаты вылучана 25 475 чалавек.





МЕНШЧЫНА


“Жанчына вылучыла сябе кандыдатам, каб абудзіць грамадзтва”


У Барысаве ў мікрараёне Дымкі вясновая паводка залівае цяпер прыватныя падворкі, гаражы й скляпы. Вінаватымі мясцовыя жыхары лічаць будаўнікоў: без належных дасьледаваньняў яны вялі працы ў пойме Бярэзіны, разбурылі і мэліярацыйны, і прыродны дрэнаж. Таму цяпер вада залівае жылы раён. У крыўдзе насельнікі 600 дамоў. Расказвае тутэйшая жыхарка Тамара Каважэнка:

“Уся гэтая вада пайшла пад дамы. Затапіла ўсе гаражы й скляпы. Мы змагаемся, як можам. Ужо чатыры гады найактыўнейшай барацьбы! Аднак за гэты час вада займае ўсё большую прастору. Новыя дамы трапляюць пад падтапленьні. За гэтыя гады мы больш як 60 разоў зьвярталіся ў самыя розныя структуры ўлады”.

“Ніхто нават рукі дапамогі не працягне”


Пакрыўджаная на бязьдзейнасьць мясцовай улады, Тамара Каважэнка вырашыла сама вылучацца кандыдатам у дэпутаты райсавету.

“Я хачу стаць дэпутатам. За мяне аддадзена больш як 500 подпісаў. Сама іх зьбірала і бачыла, як ставяцца людзі да праблемы падтапленьня. Чула, што людзі ўвогуле кажуць пра ўзровень цяперашняга жыцьця. Вельмі шмат людзей маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы. Але ніхто ім нават рукі дапамогі не працягне”.



Толькі заўтра ў Барысаве будуць агучаныя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў. Наступны этап кампаніі — агітацыя. Дапамагаць Тамары Каважэнцы ўзяўся паэт Уладзімер Някляеў:

“Гэтая жанчына — не вылучэнка апазыцыі ці праўладных структураў. Яна — звычайная жанчына і звычайная грамадзянка. Яна вылучыла сябе кандыдатам у дэпутаты якраз дзеля таго, каб абудзіць грамадзтва да дзеяньняў. Каб людзі ўдзельнічалі ў тым, што называецца “кіраваньне краінай”. У Канстытуцыі напісана, што ў гэтым удзельнічае народ. І калі яна прапанавала стаць мне даверанай асобай, то я, вядома, згадзіўся”.

Тамара Каважэнка: “Вада пагражае перабрацца за высокі парог дома”. Фота Міхаіла Васільева.
Фота Міхаіла Васільева


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Улада знарок абмяжоўвае магчымасьці для сустрэч кандыдатаў зь людзьмі”


Алесь Дзергачоў
Грамадзкія назіральнікі і праваабаронцы на Гарадзеншчыне канстатуюць, што сёлета для кандыдатаў у дэпутаты значна звужаюцца магчымасьці праводзіць перадвыбарную кампанію.

Згодна з рашэньнем Смаргонскага райвыканкама зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты змогуць ладзіць сустрэчы з выбарцамі на тэрыторыі раёна толькі ў 4 клюбах і ў адным месцы на вуліцы — у райцэнтры.

Праваабаронца Алесь Дзергачоў са Смаргоні лічыць гэта зьдзекам з кандыдатаў і выбарцаў. Сёлета ў Смаргонскі райвыканкам на 25 месцаў вылучаны 40 кандыдатаў, а месцы сустрэчы з выбарцамі ў райцэнтры — адно ў Доме культуры і адно на вуліцы.

На думку спадара Дзергачова, было б добра, каб у кожным мікрараёне былі такія месцы. А вось у сельскай мясцовасьці, зь яго слоў, яшчэ горш: з шасьці сельсаветаў дазволена праводзіць сустрэчы толькі ў трох.

Дзергачоў: “Да прыкладу, калі ўзяць цэнтар сельсавету Жодзішкі, то трэба на сустрэчу з кандыдатам ехаць альбо ў Вішнева за 20 км, альбо ў Смаргонь таксама за 20 км. Транспарт, зразумела, на гэта не даюць, дый як гэта будзе выглядаць…”

“Улады баяцца грамадзкай актыўнасьці”


На думку Алеся Дзергачова, улады экспэрымэнтуюць перад прэзыдэнцкімі выбарамі з тым, каб звузіць магчымасьці сустрэч з выбарцамі.

Дзергачоў: “Яны імкнуцца звузіць месцы сустрэч да мінімальнага, каб наагул не было кантакту зь людзьмі. Думаю, улады баяцца ня столькі вынікаў выбараў — яны вядомыя, а менавіта ўздыму грамадзкай актыўнасьці ў гэты час”.

Праваабаронца з Горадні Раман Юргель, камэнтуючы гэтую сытуацыю, зазначае:

“Сытуацыя, падобная да смаргонскай, ва ўсёй Гарадзенскай вобласьці. Дадам, што і склад выбарчых камісій на 60% і болей гадамі не зьмяняецца. Да ўсяго, падчас выбарчай кампаніі выбараў у нашай краіне не адчуваецца — паўсюль цішыня”.
XS
SM
MD
LG