Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Каваленка патрабуе, каб ягоную справу лічылі палітычнай


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Віцебскі актывіст, якога вінавацяць у супраціве міліцыянтам і ў злосным хуліганстве за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы, хадайнічае, каб абвінавачаньні перагледзелі.


Сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка прачытаў усе тры тамы распачатай супраць яго крымінальнай справы. Вынікам азнаямленьня зь ёю сталіся 15 аркушаў хадайніцтваў да сьледчых органаў:

“Першае — што гэта была палітычная акцыя, а ніякае не хуліганства. І што я нікога не абразіў, а проста праводзіў палітычную акцыю — каб зьнялі абвінавачаньне ў супраціве міліцыянтам. І яшчэ ў хадайніцтвах я прашу, каб супярэчлівыя паказаньні ня ўлічваліся”.

Сяргей Каваленка цьвердзіць, што супярэчлівых паказаньняў супраць яго шмат. Да прыкладу, супрацоўнікі прадпрыемства “Гарсьвятло” паказалі, што ён пашкодзіў некалькі дэкаратыўных “сьняжынак”, калі лез на ёлку, але розныя людзі гавораць пра розную колькасьць і розныя месцы, дзе віселі навагоднія ўпрыгожаньні.

Актывіст кажа, што супярэчаць адзін аднаму і міліцыянты, якія яго затрымлівалі — Васіль Палітыка, Максім Максімаў і Андрэй Іваноў:

“Супярэчнасьці ў паказаньнях, таму іхныя паказаньні ня могуць быць доказамі. Вось Іваноў кажа, што я левай рукой схапіўся за кішэню Максімава і потым левай жа рукой яго ўдарыў. А Максімаў і Палітыка кажуць, што я хапаў левай, а біў правай”.

Сяргей Каваленка катэгарычна адмаўляе, што біўся зь міліцыянтамі. Ён цьвердзіць, што сам пацярпеў ад іх, і ў зьвязку з гэтым падаў на супрацоўнікаў міліцыі ў суд, бо яны нанесьлі яму цялесныя пашкоджаньні.

У сваю чаргу, міліцыянты ня толькі вінавацяць яго ў супраціве, але й патрабуюць па 10 мільёнаў кампэнсацыі за маральныя страты: маўляў, актывіст публічна абражаў іх падчас затрыманьня.

За падзеямі на плошчы Перамогі 7-га студзеня назіраў шмат хто з жыхароў дома № 8 па Маскоўскім праспэкце — ёлка была ўсталяваная якраз насупраць дзевяціпавярхоўкі. Паводле матэрыялаў справы, супрацоўнікі міліцыі абыходзілі кватэры і распытвалі жыхароў пра ўчынак актывіста. Сяргей Каваленка адзначае, што пытаньне было правакацыйным, бо ў ім ужо быў закладзены адказ: “Як вы ацэньваеце ўчынак правапарушальніка?” Таму ён вырашыў асабіста высьветліць, ці лічаць яго правапарушальнікам відавочцы падзеяў.

Актывіст апытаў некалькі дзясяткаў жыхароў, прайшоўшыся па кватэрах. Пытаньні да іх былі такія: “Ці замінаў вам бел-чырвона-белы сьцяг?” “На вашу думку, гэта быў хуліганскі ўчынак ці палітычная акцыя?” і “Ці варта мяне за гэта пакараць і якім чынам?”

Рэакцыя была рознай, кажа Сяргей Каваленка:
Каб мяне ў турму пасадзіць, сказалі толькі тры чалавекі ...

“Я абышоў два з паловай пад’езды, нават болей. Каб мяне ў турму пасадзіць, сказалі толькі тры чалавекі. Адзін хлопец, расеец зь літоўскім грамадзянствам, які дужа ганіў Літву, скардзіўся, што там дрэнна жыць, а тут у Лукашэнкі проста рай, сказаў, што мяне трэба пасадзіць і расстраляць. А некаторыя — наадварот, нават да стала запрашалі. Шмат хто казаў, што гэта палітычная справа”.

Атрымліваецца так, што ў сваіх хадайніцтвах Сяргей Каваленка просіць перагледзець выстаўленыя абвінавачаньні. Цьвердзіць, што ня меў матываў і мэты, каб зьдзейсьніць хуліганскі ўчынак, а праводзіў палітычную акцыю. І адмаўляе супраціў міліцыянтам. Пакуль гэтыя абвінавачаньні супроць яго выстаўленыя, актывісту пагражае да 6 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG