Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскае абласное ўпраўленьне Дзяржаўтаінспэкцыі павінна выплаціць інваліду І групы Сяргею Фешчанку матэрыяльную і маральную кампэнсацыю ў памеры 1 млн. 300 тысяч рублёў.


Інвалід Сяргей Фешчанка зьвярнуўся ў суд пасьля таго, як у жніўні мінулага году атрымаў траўмы каленнага сустава на прыступках будынка ДАІ.

Выяжджаючы з будынка абласнога ДАІ, Сяргей Фешчанка ўпаў са свайго вазка і моцна пабіўся. Пасьля гэтага ён дзесяць дзён насіў гіпс і страціў працаздольнасьць.

У выніку ён зьвярнуўся ў суд і запатрабаваў спагнаць з абласнога ўпраўленьня Дзяржаўтаінспэкцыі 7 мільёнаў рублёў за тое, што ў іх не абсталяваны належным чынам выхад для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Суд задаволіў пазоў спадара Фешчанкі толькі часткова — у памеры толькі 1 млн. 300 тысяч рублёў. Але галоўнае, што вынікае з рашэньня суду: ён ня ў кампэтэнцыі абавязаць упраўленьне Дзяржаўтаінспэкцыі зрабіць неабходнае абсталяваньне для перамяшчэньня фізычна абмежаваных асобаў.

Прадстаўнік ДАІ ў судзе неабсталяванасьць ганка абгрунтоўваў тым, што апошні ягоны рамонт праводзіўся яшчэ да зацьвярджэньня праграмы “Безбар’ернае асяродзьдзе”, у 2006 годзе, і тады не было выдаткавана грошай на пандус.

Фізычна нямоглым людзям ва ўпраўленьні ДАІ прапануюць скарыстаць альтэрнатыўныя віды паслуг — выклікаць супрацоўніка дадому ці перагаварыць зь ім праз спэцыяльны тэлефон, які знаходзіцца перад службовым будынкам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG