Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Убачанае на відэазапісе разыходзіцца з паказаньнямі Аляксандра Ларына


Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка

Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка

У Вярхоўным судзе працягваецца працэс па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына. Сёньня ў судзе быў паказаны відэазапіс агляду месца, дзе быў знойдзены гранатамёт, зь якога нібыта Аляксандр Ларын зьбіраўся забіць старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку.


Паводле паказаньняў Аляксандра Ларына, 28 кастрычніка 2005 году а 5 гадзіне раніцы ў Гародні ён прабраўся на тэрыторыю ліцэя № 1, адкуль зьбіраўся стрэліць з гранатамёта па аўтамабілі альбо па кватэры Ўладзімера Саўчанкі і такім чынам выканаць замову, якую яму нібыта зрабіў Мікалай Аўтуховіч. Дом № 20 па вуліцы Парыскай Камуны, у якім жыў Уладзімер Саўчанка, знаходзіўся, паводле Аляксандра Ларына, на адлегласьці “каля 200” мэтраў ад ліцэю і быў відзён. “Мне вугал дома губэрнатара адсюль быў бачны”, - сказаў на судзе Аляксандр Ларын і паказаў месца “каля куста бэзу і старога пня”. Паводле Ларына, менавіта на гэтым месцы ён пакінуў гранатамёт, калі ўбачыў на вуліцы людзей і адмовіўся ад плянаў замаху.

Сёньня на працэсе праглядалі відэазапіс агляду тэрыторыі ліцэя № 1, зроблены 2 лістапада 2005 году. У тым ліку быў паказаны фрагмэнт, зьняты міліцыянтам з таго месца, дзе быў знойдзены гранатамёт. Відэаапэратар рабіў панарамную здымку і пералічваў нумары дамоў па вуліцы Парыскай Камуны, якія бачыў. “Дамы 5, 6 Парыскай Камуны, 18, 16...”, - гучаў з экрана голас міліцыянта. Пра дом № 20 не было сказана ані слова. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін спыніў прагляд і перапытаў у Аляксандра Ларына, ці добра ён бачыў дом № 20, калі на відэазапісе яго няма?

“Але я яго бачыў”, - настойваў Аляксандар Ларын. Нагадаю, на паказаньнях Ларына ў асноўным грунтуецца абвінавачаньне Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі ў падрыхтоўцы тэракту.

Падрабязнасьці слуханьняў - пазьней у эфіры і на нашым сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG