Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падтрымаць праваабаронцаў прыйшлі дэмакратычныя актывісты


Суд над Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Ірынай Тоўсьцік, якіх даставілі ў суд Ленінскага раёну Менску, пакуль не пачаўся.


Нагадаем, што 23 сакавіка праваабаронцы выйшлі з расьцяжкай “Не — сьмяротнаму пакараньню” да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі. Падставай для пратэсту стаў расстрэл напрыканцы мінулага тыдня 25-гадовага Андрэя Жука і 30-гадовага Васіля Юзэпчука, якім быў вынесены сьмяротны прысуд.

Удзельнікі акцыі былі затрыманыя. Як расказаў Валянцін Стэфановіч, да 2-й гадзіны ночы іх трымалі ў Ленінскім РАУС, пасьля перавезьлі ў турму на вуліцы Акрэсьціна.

Адносна ўчорашняй акцыі спадар Стэфановіч сказаў, што праваабаронцы мелі права выказаць сваё меркаваньне па такой надзвычай важнай для грамадзтва тэме. З улікам, што падзеі разгортваліся вельмі хутка, не было магчымасьці падаць заяўку на правядзеньне мерапрыемства: “Тое, што адбылося са сьмяротнымі прысудамі, гэта проста абуральны факт. Тым больш, што гэта здарылася на тле перамоваў пра магчымасьць увядзеньня мараторыю на ўвядзеньне сьмяротнага пакараньня. І гэта выглядае вельмі цынічным крокам уладаў. Вынясеньнем новых прысудаў улады фактычна парушылі свае абавязацельствы ў рамках ААН”.

Але з улікам важнасьці праблемы ён лічыць, што закону яны не парушалі, хоць з пункту гледжаньня нацыянальнага заканадаўства, хутчэй за ўсё, будуць сьцьвярджаць, што быў парушаны парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Падтрымаць праваабаронцаў прыйшлі кіраўнік праваабарончай арганізацыі Алег Гулак, палітык Вінцук Вячорка, кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей, кіраўніца БАЖ Жана Літвіна, лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхась Пашкевіч ды іншыя дэмакратычныя актывісты.
XS
SM
MD
LG