Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманым праваабаронцам прысудзілі штраф… 17,5 тысяч рублёў

абноўлена

Ірына Тоўсьцік і Валянцін Стэфановіч
Ірына Тоўсьцік і Валянцін Стэфановіч

У судзе Ленінскага раёну Менска прайшлі працэсы над праваабаронцамі, затрыманымі ўчора ля прэзыдэнцкай адміністрацыі. Справы Алеся Бяляцкага, Ірыны Тоўсьцік і Валянціна Стэфановіча разглядалі розныя судзьдзі.

Затрыманага разам зь імі журналіста Сяргей Сыса адпусьцілі на волю позна вечарам 23 сакавіка.


13.10 Затрыманым праваабаронцам прысудзілі штраф

Беспрэцэдэнтным гуманізмам адзначыўся сёньня суд Ленінскага раёну Менска.

Нагадаем, што сёньня ў гэтым судзе судзілі праваабаронцаў, якія 23 сакавіка былі затрыманыя ля будынка адміністрацыі прэзыдэнта з плякатамі “Не – сьмяротнаму пакараньню”.


Алесь Бяляцкі

Ірына Тоўсьцік

Згодна з судовым рашэньнем, Алесь Бяляцкі, Ірына Тоўсьцік і Валянцін Стэфановіч мусяць заплаціць штраф у памеры ½ базавай велічыні – 17,5 тысяч рублёў. Прысуд камэнтуе Алесь Бяляцкі:

“Прысуд мінімальны ў гэтай сытуацыі. Таму ў прынцыпе мы задаволеныя вынікам гэтага суду. Зь іншага боку, мы моцна задаволеныя тым, што прыцягнулі ўвагу да праблемы сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Гэта, бадай, самае галоўнае. У прынцыпе памеры прысуду, “цяжкасьць злачынства” нішто на тле вынесенага сьмяротнага выраку. Але што тычыцца прысуду адносна нас – то гэта ня самы горшы варыянт”.

Паказальна, што падчас судовага працэсу Алесь Бяляцкі вылучыў патрабаваньне прадставіць перакладчыка на беларускую мову. Судзьдзя Надзея Навіцкая хадайніцтва не задаволіла, але сказала, што сама будзе намагацца гаварыць па-беларуску. І сапраўды старалася.


12.20 Бяляцкі запатрабаваў у суд перакладчыка

У судзе Ленінскага раёну Менска пачаліся працэсы над праваабаронцамі, затрыманымі ўчора ля прэзыдэнцкай адміністрацыі. Справы Алеся Бяляцкага, Ірыны Тоўсьцік і Валянціна Стэфановіча разглядаюць розныя судзьдзі.

Стала вядома, што Алесь Бяляцкі заявіў тры хадайніцтвы, адно зь іх – патрабаваньне, каб працэс вялі на беларускай мове. Судзьдзя сказала, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, таму ўсё будзе па-расейску. Праваабаронца запатрабаваў, каб яму прадаставілі перакладчыка, пасьля чаго быў абвешчаны перапынак.

Падчас суду Алесь Бяляцкі прызнаў усё, што напісана ў пратаколе, але разам з тым заявіў: згодна з пактам аб міжнародных правах любы чалавек мае права выказваць свае меркаваньні, ладзіць пікеты і г.д.

У гэты час таксама працягваецца разгляд спраў адносна Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсьцік.

Праваабаронцаў вядуць на суд

Падтрымаць праваабаронцаў прыйшлі дэмакратычныя актывісты

Падтрымаць праваабаронцаў прыйшлі кіраўнік праваабарончай арганізацыі Алег Гулак, палітык Вінцук Вячорка, кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей, кіраўніца БАЖ Жана Літвіна, лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхась Пашкевіч ды іншыя дэмакратычныя актывісты.

23 сакавіка а 15-й гадзіне праваабаронцы выйшлі з расьцяжкай “Не — сьмяротнаму пакараньню” да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі. Акцыя працягвалася некалькі хвілінаў, пасьля чаго ахоўнікі выклікалі міліцыю.

Удзельнікаў акцыі затрымана міліцыя. Ноч яны правялі ў турме на Акрэсьціна.

Падставай для пратэсту праваабаронцаў стаў расстрэл напрыканцы мінулага тыдня 25-гадовага Андрэя Жука і 30-гадовага Васіля Юзапчука, якім быў вынесены сьмяротны прысуд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG