Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тая Плошча жыве ў сэрцы кожнага”


Кастрычніцкая плошча, плошча Каліноўскага, 2006.

Кастрычніцкая плошча, плошча Каліноўскага, 2006.

Чатыры гады таму, у ноч з 23 на 24 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску спэцназаўцы зьнішчылі намётавы лягер, які зладзілі моладзевыя актывісты, пратэстуючы супраць несвабодных прэзыдэнцкіх выбараў.


Намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы, якую дэмакратычныя актывісты назвалі плошчай Каліноўскага, пратрымаўся тры дні й чатыры ночы. Спэцназаўцы зьнішчылі лягер, а яго ўдзельнікаў адвезьлі ў турмы на Акрэсьціна, у Жодзіна і ў ізалятар Менскага раёну. Удзельніца лягеру Валянціна Палевікова згадвае:

“Гэта была адна з найярчэйшых акцый за ўсе апошнія гады. Меў велізарны сэнс гэты намётавы гарадок. Ён застаўся ў памяці як пратэст, як сымбаль аб’яднаньня супраць несправядлівых выбараў. Гэта рэпэтыцыя перад тым, што можа адбыцца насамрэч. Гэты бунт, гэтая плошча жыве ў сэрцы кожнага. Гэтая плошча нас аб’ядноўвае. Толькі пратэст можа вярнуць у краіну дэмакратыю, празрыстыя і свабодныя выбары. А прыклад таму мы набылі на практыцы на плошчы 2006 году”.

Спадарыня Валянціна згадвае падтрымку ўдзельнікаў намётавага мястэчка, а таксама той дзень, калі сваякі і сябры затрыманых прыйшлі да турмы на Акрэсьціна:

“Калі адчыніліся дзьверы Акрэсьціна, калі нас вывозілі, я запомніла велізарны натоўп людзей. Гэта было вельмі патрыятычна. Я ўбачыла мноства сваіх сяброў, сваякоў, якія прыйшлі да Акрэсьціна ў нашую падтрымку. Гэта былі розныя людзі. Яны стукалі ў аўтобусы, якія нас вывозілі, беглі за намі. Мы ня ведалі, куды нас вязуць. Я аглянулася і ўбачыла, што за намі гоніцца машына майго брата, многія суправаджалі на машынах. Дзякуючы ім усе даведаліся, што нас адвезьлі ў Менскі раён. Канечне, за намі наглядалі некалькі ахоўнікаў, не давалі нам выглядваць у вокны, крычалі. Былі 15 дзён турмы. Гэта быў вельмі добры пэрыяд аб’яднаньня. Мы падтрымліваем сувязь са многімі дагэтуль”.

Актывіст Партыі БНФ з Магілёва Зьміцер Салаўёў быў затрыманы за некалькі гадзінаў да разгону намётавага лягера. Ён згадвае, што сама акцыя, якая ўзьнікла стыхійна, была велізарным досьведам.

“Народ вырашыў абараніць права свайго голасу. Людзі ня хочуць, каб іх лічылі за быдла, як гэта лічыць улада. Я думаю, што яна можа паўтарыцца. Я думаю, гэты час надыдзе і ў нас. Зьмена ўлады ў нас будзе менавіта праз плошчу. Бо зараз я бачу адзінае выйсьце, калі народ сам скажа: “Прэч з нашага агароду”.

Спадар Салаўёў займаўся забесьпячэньнем намётавага лягера. Ён кажа, што многія жыхары Менску спрабавалі дапамагчы яго ўдзельнікам:

“Шмат было людзей, якія не маглі прайсьці на плошчу, бо не пускалі іх зь ежай, намётамі, коўдрамі, цёплым адзеньнем. Яны гэта ўсё заносілі на Варвашэні, 8. І я быў адным з арганізатараў перапраўкі ўсяго таго, што нанесьлі, у намётавы лягер”.

Сярод удзельнікаў акцыі была пераважна моладзь, і сярод яе — актывістка “Маладога фронту” Людвіся Атакулава, якой тады было 17 гадоў. Яна кажа, што прыйшла да дзейнасьці, зьвязанай з нацыянальнай ідэяй, дзякуючы намётаваму мястэчку:

“Гэта было зьвязана, безумоўна, з выбарамі. Гэта былі пратэсты супраць фальшаваньняў. Але гэта было нейкай хваляй, калі людзі не баяліся выказваць сваю нязгоду наагул з тым рэжымам, які існуе ў нас каторы год. Там нас усё аб’ядноўвала — нават паветра”.

ПЛОШЧА. КНІГА Ў PDF-ФАРМАЦЕ З СЭРЫІ "БІБЛІЯТЭКА СВАБОДЫ. XXI СТАГОДЗЬДЗЕ"


XS
SM
MD
LG