Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 cакавіка – Усясьветны дзень барацьбы з сухотамі


Шпіталь хворых на сухоты ў Багушэўску.

Шпіталь хворых на сухоты ў Багушэўску.

З гэтай нагоды сёньня ў Беларусі стартуе прафіляктычная акцыя “Белы рамонак”. На цэнтральных плошчах больш чым у 30 гарадах краіны будуць усталяваныя перасоўныя пульмасканы, дзе кожны бясплатна можа прайсьці абсьледаваньне.


Сытуацыя з сухотамі ў Беларусі застаецца напружанай, паведаміла намесьнік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар краіны Валянціна Качан:

“У нашай краіне адбыўся неістотны ўздым захворваемасьці на тубэркулёз – на 2,6%”.

Летась у Беларусі на сухоты захварэла 4.428 чалавек, паказьнік захворваемасьці склаў 45,8 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Галоўны санітарны ўрач Валянціна Качан адзначае:

“Адной з праблемаў, якая выклікае заклапочанасьць ня толькі ў нас, але ў многіх краінах сьвету, зьяўляецца множная лекавая ўстойлівасьць мікабактэрыяў, выкліканая дрэнна арганізаваным лячэньнем хворых на сухоты. У Эўропе ўжо зарэгістравана больш за 70 тысяч выпадкаў захворваньня на сухоты з гэтай устойлівасьцю, прычым 95% прыходзіцца на краіны Ўсходняй Эўропы”.

У Беларусі колькасьць хворых зь лекавай устойлівасьцю расьце, і зараз іх больш 17% ад усіх хворых. Як паведаміў ў панядзелак прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніюс Брук, Беларусь уваходзіць у лік 27 краінаў з найбольш высокай распаўсюджанасьцю так званага мультырэзыстэнтнага тубэркулёза. Таму Беларусь атрымае грант Глябальнага фонду па барацьбе са СНІДам, тубэркулёзам і малярыяй ў памеры 18 мільёнаў эўра, і сродкі будуць накіраваныя менавіта на барацьбу з гэтай найбольш небясьпечнай формай хваробы.

А ў Міжнародны дзень барацьбы з тубэркулёзам Глябальны фонд традыцыйна праводзіць акцыю “Белы рамонак”. Спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю Глябальнага фонду Марыя Маліноўская тлумачыць, чаму акцыя мае такі прыгожы назоў – “Белы рамонак”:

“У 1911 годзе ўпершыню гэты сымбаль быў ужыты для акцыі, у якой ўдзельнічалі студэнты, гімназісты, высакародныя дамы. Яны прадавалі кветкі з паперы, якія былі зробленыя дзецьмі з дзіцячых прытулкаў. Сабраныя сродкі пайшлі на барацьбу з гэтым захворваньнем.

У гэты дзень у Беларусі адбудуцца бясплатныя кінасэансы (у Менску, да прыкладу, гэта будзе кінатэатар “Перамога” а 18-й гадзіне), і ў больш чым 30 гарадах будуць працаваць пульмасканы, і ўсе жадаючыя могуць прайсьці флюараграфічнае абсьледаваньне. Кінасэанс гэты бясплатны, флюараграфія таксама. Што да фільма – прыходзьце, гэта вельмі прыгожы фільм. Усе гэтыя акцыі фінансуюцца Глябальным фондам барацьбы са СНІДам, тубэркулёзам і малярыяй”.

Ёсьць яшчэ і сумесны праект ў падтрымку дзяржпраграмы “Тубэркулёз”, які ажыцьцяўляе Праграма разьвіцьця ААН, Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Фінансаваньне праекту ідзе таксама са сродкаў Глябальнага фонду, грант памерам ў 14,5 мільёнаў даляраў разьлічаны на 5 гадоў. Акрамя гэтага, на рэалізацыю самой дзяржпраграмы «Тубэркулёз» у 2010-2014 гадах будзе накіравана больш за 280 мільярдаў рублёў з дзяржбюджэту.

Што да акцыі “Белы рамонак”, паведамляем, што ў Менску пульмасканы будуць усталяваныя на плошчы побач з Камароўскім рынкам, і побач з кінатэатрам “Перамога” на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
XS
SM
MD
LG