Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Затрыманых ля прэзыдэнцкай адміністрацыі адвезьлі ў турму на Акрэсьціна


Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Ірына Тоўсьцік, якія былі затрыманыя падчас пікету ў Менску перад будынкам прэзыдэнцкай адміністрацыі, правядуць да суда ноч у турме на Акрэсьціна.

Валянцін Стэфановіч
Алесь Бяляцкі
Ірына Тоўсьцік
Сяргей Сыс

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Ірына Тоўсьцік і журналіст Сяргей Сыс вечар сустрэлі ў пастарунку міліцыі Ленінскага раёну. Увечары яны ўжо не выходзілі на сувязь. У пастарунку сказалі, што затрыманыя будуць накіраваныя на Акрэсьціна.

Сёньня а 15-й гадзіне праваабаронцы выйшлі з расьцяжкай «Не — сьмяротнаму пакараньню» да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі. Акцыя працягвалася некалькі хвілінаў, пасьля чаго ахоўнікі выклікалі міліцыю.

Днём да Алеся Бяляцкага ўдалося датэлефанавацца ў пастарунак:

Бяляцкі: «Мы катэгарычна пратэстуем супраць выкананьня сьмяротных прысудаў, тых, якія былі выкананыя, прычым патаемна, па-подламу фактычна. Мы выйшлі з расьцяжкай «Не — сьмяротнаму пакараньню».

Паводле праваабаронца Ўладзя Лабковіча, 24 сакавіка затрыманых адвязуць у суд Ленінскага раёну. Іх абвінавачваюць у парушэньні адміністрацыйнага артыкулу 23.34 — арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Міліцыянты дазволілі перадаць затрыманым цёплыя рэчы:

«Гэты выпадак чарговы раз падкрэсьлівае, што ў Беларусі немагчыма арганізаваць мірны сход. Затрыманьне праваабаронцаў паказвае абсалютны цынізм уладаў. Тым больш па такім гуманістычным пытаньні, якое ставілі мае калегі — адмена сьмяротнага пакараньня. Тым больш на фоне нядаўна, на жаль, выкананых Беларусьсю парысудаў, калі былі расстраляныя людзі. Гэтыя ўсе факты яскрава сьведчаць пра тое, што і права на мірныя сходы парушана і нават права на жыцьцё».

На журналіста Сяргея Сыса складзены такі самы адміністрацыйны пратакол:

Юрась Чавусаў: перасьлед Саюзу палякаў, затрыманьне праваабаронцаў, наступ на незалежных журналістаў — гэта ўсё індыкатары таго, што ў Беларусі наступае халодны палітычны сэзон.
«На яго складзены такі ж самы пратакол, хаця відавочна для ўсіх, што ён не прымаў удзел у самім пікетаваньні, а выконваў свае журналісцкія абавязкі».

Падставай для пратэсту праваабаронцаў стаў расстрэл напрыканцы мінулага тыдня 25-гадовага Андрэя Жука і 30-гадовага Васіля Юзапчука, якім быў вынесены сьмяротны прысуд.

Камэнтуючы гэтыя падзеі, палітоляг Юрась Чавусаў назваў мужным і апэратыўным рэагаваньне праваабаронцаў на новыя сьмяротныя прысуды:

«Мы ў гэтым выпадку маем сытуацыю вяртаньня да самых ганебных практыкаў 90-х гадоў, калі людзей да разгляду іх справы ў Камітэце па правах чалавека ААН, апошняй інстанцыі, якая можа паўплываць на сьмяротны прысуд, гэтых людзей расстралялі».

Затрыманьні праваабаронцаў спадар Чавусаў зьвязвае з «сэзонам замаразкаў»:

«Зараз сытуацыя па ўсіх напрамках у Беларусі вяртаецца крыху назад, да самых ганебных практык, якія раней у Беларусі ўжываліся. У прынцыпе, мы бачым агульную лінію: перасьлед Саюзу палякаў, затрыманьне праваабаронцаў, наступ на незалежных журналістаў. Гэта ўсё індыкатары таго, што ў Беларусі наступае халодны палітычны сэзон».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG